Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

барвяні́цца, ‑ніцца; незак.

Тое, што і барвавець. Успомнілася,.. як ужо ўвечары, калі марозна барвянілася зара на захадзе, бацька накладаў мяшкі на калёсы... Зарэцкі.

барвянцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і барвісты. На крушняярскіх ўскраінах узнік бразгат, лямант, грукат, а над усім гэтым запанавала барвянцовае полымя раптоўна ўзнікшых пажараў. Мікуліч.

барвя́ны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і барвовы. Насустрач сонцу праз блакітны дым агеньчык бліснуў стужкаю барвянай. Аўрамчык.

баргузі́н, ‑у, м.

Паўночна-ўсходні вецер на Байкале. Плыве параход. За кармой, як і ўчора, Сівы баргузін «пашавельвае» вал. Хведаровіч. Стаю, заглядзеўшыся ўдалеч, адзін, І студзіць гарачы мой твар баргузін. Гаўрусёў.

[Ад назвы ракі Баргузін, якая ўпадае ў возера Байкал.]

бард, ‑а, М ‑дзе, м.

Спявак-паэт старажытных кельцкіх плямёнаў; у вобразным ужыванні — наогул паэт, пясняр. Узышоў зноў ясны месяц На лады ўсе перапеты У вершах даўніх і сучасных Бардаў, песняроў, паэтаў. Танк.

[Кельц. bard.]

бардзю́р, ‑а, м.

Шлячок, які абрамляе край тканіны, вырабаў з тканіны, шпалераў. Бардзюр для шпалераў. // Паласа дэкаратыўных раслін, якая абрамляе плошчы, пляцоўкі, тратуары; скульптурныя аздабленні сцен і інш. У прагалінах між кустоўя бэзу, нізкіх падстрыжаных бардзюраў з язміну нам відна нізіна колішняга прыгараду, забудаваная новымі дамамі з чырвонымі дахамі, з антэнамі на іх. Скрыган.

[Фр. bordure.]

бардо́ 1, нязм., н.

Гатунак чырвонага віна (паводле назвы французскага горада Бардо).

бардо́ 2, нязм. прым.

Цёмна-чырвоны. Сукенка колеру бардо.

бардо́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і бардо ​2. За цёмна-зялёнай заслонай панічоў віднеліся бардовыя рамы вокан. Сабаленка.

бардо́скі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: бардоская вадкасць гл. вадкасць.

бар’е́р, ‑а, м.

1. Невысокая перагародка, якой аддзяляецца што‑н. ад чаго‑н. У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджаны ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. Колас. // Наогул перашкода для чаго‑н. І вось цяпер, калі тэрмінова спатрэбілася вынайсці супроцьапоўзневы бар’ер, розум Бяляніна пачаў працаваць з новай сілай. «Полымя».

2. Спецыяльная перашкода, якая ўстанаўліваецца для пераадолення на бегавой дарожцы, арэне цырка і інш. Аддзяленне кавалерыстаў брала бар’ер — і з такой заліхвацкай шпаркасцю неслася, што думалася: вось, вось нехта зваліцца і разаб’ецца ўшчэнт. Каваль.

3. Уст. Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны пераступаць пры стрэльбе.

4. перан. Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго‑н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці. Ведамасныя бар’еры. Псіхалагічны бар’ер. □ [Макараў:] — [Маёр] гаворыць, што гукавы бар’ер пераадолены і хуткасці страшэнна растуць. Алешка. [Вера:] — Абедзвюм будзе лягчэй, калі між вамі знікне непатрэбны бар’ер маўклівасці, калі ты раскрыеш сваё сэрца. Машара.

[Фр. barrière.]