бар’е́р, ‑а, м.
1. Невысокая перагародка, якой аддзяляецца што‑н. ад чаго‑н. У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджаны ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. Колас. // Наогул перашкода для чаго‑н. І вось цяпер, калі тэрмінова спатрэбілася вынайсці супроцьапоўзневы бар’ер, розум Бяляніна пачаў працаваць з новай сілай. «Полымя».
2. Спецыяльная перашкода, якая ўстанаўліваецца для пераадолення на бегавой дарожцы, арэне цырка і інш. Аддзяленне кавалерыстаў брала бар’ер — і з такой заліхвацкай шпаркасцю неслася, што думалася: вось, вось нехта зваліцца і разаб’ецца ўшчэнт. Каваль.
3. Уст. Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны пераступаць пры стрэльбе.
4. перан. Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго‑н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці. Ведамасныя бар’еры. Псіхалагічны бар’ер. □ [Макараў:] — [Маёр] гаворыць, што гукавы бар’ер пераадолены і хуткасці страшэнна растуць. Алешка. [Вера:] — Абедзвюм будзе лягчэй, калі між вамі знікне непатрэбны бар’ер маўклівасці, калі ты раскрыеш сваё сэрца. Машара.
[Фр. barrière.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)