Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

працэ́с

(лац. processus = цячэнне, ход)

1) паслядоўная змена з’яў, стану ў развіцці чаго-н. (напр. п. развіцця мовы);

2) сукупнасць паслядоўных дзеянняў для дасягнення пэўных вынікаў (напр. вытворчы п.);

3) разбор судовай справы (напр. грамадзянскі п.).

працэ́сія

(польск. procesja, ад лац. processio = прасоўванне наперад)

урачыстае мнагалюднае шэсце (напр. пахавальная п., святочная п.).

про́ба

(ням. Probe)

1) праверка, выпрабаванне (напр. п. сіл);

2) невялікая частка чаго-н., узятая для вызначэння якасці, саставу (напр. узяць пробу);

3) колькасць вагавых частак высакароднага металу (золата, серабра і г. д.), якая змяшчаецца ў пэўнай колькасці вагавых долей сплаву, а таксама кляймо з абазначэннем гэтай колькасці (напр. золата нізкай пробы).

про́за

[лац. prosa (oratio) = простая мова]

1) невершаваная мова, невершаваная літаратура (проціл. паэзія); 2) сукупнасць празаічных твораў якога-н. народа, пісьменніка, часу;

3) перан. будзённасць, звычайнасць, аднастайнасць (напр. п. жыцця).

про́фі

(ням. Profi, ад Professional = прафесіянал)

прафесіянал, не аматар (аб спартсменах, музыкантах).

про́філь

(фр. profil)

1) від збоку (твару, прадмета);

2) від, форма чаго-н. у разрэзе (напр. п. дарогі);

3) сукупнасць рыс і асаблівасцей якой-н. спецыяльнасці, прадпрыемства або навучальнай установы (напр. спецыяліст шырокага профілю, раён мае сельскагаспадарчы п.).

прыва́тны

(польск. prywatny, ад лац. privatus)

1) асабісты, не грамадскі, не калектыўны (напр. п-ая ўласнасць);

2) не агульны, не тыповы (напр. п. выпадак);

3) які датычыць каго-н. асабіста (напр. п-ая перапіска).

прыватыза́цыя

(фр. privatisation, ад лац. privatus = прыватны)

перадача (продаж) дзяржаўных прадпрыемстваў, сродкаў транспарту, жылых будынкаў і г. д. у прыватную ўласнасць.

прывіле́я

(польск. przywilej, ад лац. privilegium)

перавага, дадатковае права, ільгота (напр. карыстацца прывілеямі).

прыз

(фр. prix = вартасць, цана)

узнагарода пераможцу ў спаборніцтве, конкурсе (спартсмену, артысту, фільму і г. д.).