Пы́пець ’ціпун, нарасць на языку ў курэй’ (Шымк. Собр.), пыпец ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), лыпаць (пыпоць) ’тс’ (Нас.), pypeć ’любая нарасць, вырастак на целе чалавека; чырвоныя вырасты на дзюбе індыка; хвароба языка ў хатніх птушак’ (Чан.), пы́пыць ’птушыны страўнік’ (іван., Жыв. НС), пипуть ’ціпун’ (Растарг.), памянш. пыпцік ’выступ’ (Лёсік), ст.-бел. пыпеть ’кудахтанне курэй’, укр. пипоть ’хваравіты нарост на языку курэй, ціпун’, памянш. пиптик, рус. смал. пыпить ’попел’: ссохнуць на пылить ’схуднець’, польск. pypeć ’засохлыя соплі ў носе; ціпун’, ст.-польск. pipeć (з XV ст.) ’ціпун’, чэш. мар. pipec, pípec ’тс’, славац. pipet’, pipet, pipec ’тс’, балг. пи́пка ’тс’, макед. пипка ’тс’. Прасл. *pitъt’ь ад і.-е. pītu‑ ’слізь, смала’, роднаснае лац. pltulta ’слізь, насмарк’, пазней у асобых славянскіх мовах асіміляванае ў *pīpъ або з метатэзай у tīpъ‑, гл. ціпун (Махэк₂, 643; паводле яго, насуперак Фасмеру, 4, 60, фармальна блізкія ням. Pips, англ. pip ’ціпун’ запазычаны са славянскіх); Банькоўскі (2, 969) пярэчыць запазычанню з захаду, прапануючы рэканструкцыю tipъtь, параўн. літ. piepūtỹs ’ціпун’, piẽpti ’пішчаць’. Урэшце, нельга выключыць другасную сувязь з паткаць ’заікацца’, пуп, пупец ’выраст’ (гл.). Шырокая семантыка (’кудахтанне’, ’курыны страўнік’ і пад.) не выключае магчымай сувязі з гукаперайманнем *pipati ’ціўкаць’, літ. pỹpti ’тс’, параўн. славен. pîpec ’сцізорык’, якое Бязлай (3, 38) лічыць метафарычным утварэннем ад pipa ’кураня’ (< pî-pî ’падзыўныя словы для курэй’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пячку́р 1 ’невялікая рачная рыба, Gobio gobio (L.), Cottus gobio L.’ (Жук., ТСБМ, Янк. 1), печку́р ’тс’ (ТС); сюды ж пячку́рыцца ’жыраваць’; параўн. укр. пічку́р ’тс’, рус. печку́р ’тс’, славен. piškúr ’рыба Cobitis fossilis, Petromyzon fluviatilis’, серб. пи̏шкур ’тс’. Відаць, у выніку збліжэння пяску́р ці піску́р (гл.) да пячо́ра, пячу́ра ’ямка ў рацэ; падмыты бераг’: ракі і рыбы вядуцца ў печорах (Бір.), параўн. аналагічнае пячку́р, печку́р ’берагавая ластаўка’, пячу́рка, пячу́рнік ’тс’ (ТС; ЛА, 1), гл. таксама ЕСУМ, 4, 420. Паўднёваславянскія словы ў выніку фанетычных дыялектных змен першапачатковага *piskorʼь ад *piskati (гл. пішчаць, піск), параўн. Бязлай, 3, 43; Сной₂, 518. Гл. пяшкур.

Пячку́р 2 ’пячнік’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Касп., Др.-Падб., Юрч., Мат. Маг.); параўн. укр. пічку́р ’качагар, апальнік’. Паводле Блесэ (SB, 5, 17), з літ. pečkuris ’качагар’, што цяжка давесці (Лаўчутэ, Балтизмы, 147). Відаць, нельга разглядаць асобна ад пячку́р, печку́р ’хто любіць ляжаць на печы’ (Сцяшк., Др.-Падб., ТС), пячку́р ’лянівы кот, які не ловіць мышэй’ (дубр., ушац., Жыв. НС); хутчэй за ўсё, ад пе́чка, памянш. да печ (гл.) пад уплывам пячу́рка ’ніша ў печы для сушэння’, параўн. пячу́рнік ’хто любіць ляжаць на печы’ (Варл.), пячу́р ’тс’ (Сцяцко, НЛС). Гл. пячка́р. Украінскае слова выводзяць з печ і ку́рити (гл. курыць), параўн. і смалаку́р, гл. ЕСУМ, 4, 420.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рата́й ’араты’ (ТСБМ), ’араты, земляроб’ (Сл. ПЗБ, Кольб., ПСл; стол., Нар. лекс.; З нар. сл., Мат. Гом.; івац., Жыв. сл.; Сл. Брэс., ТС, Лексика Пол.), ріта́й ’тс’ (Бяльк.), ората́й ’тс’ (Лексика Пол.); арата́й ’тс’ (Ян.), параўн. укр. рата́й, рус. ра́тай ’араты’, польск., н.-луж. rataj ’парабак, падзёншчык; земляроб’, палаб. råtoj, чэш., славац. rataj ’араты, парабак’, славен. rátaj, серб. ра̀тај ’тс’, балг. рата́й ’парабак’, макед. ратај, ратеј ’хто цяжка працуе’, ст.-слав. ратаи ’араты’. Праслав. *ra + tajь < *or‑tajь, ад прасл. дзеяслова *orti ’араць’. Параўн. літ. artojas ’тс’, ст.-пруск. artoys ’тс’; у аснове якіх зыходнае і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’, параўн. разараць (гл. разарыць). Старажытная мадэль з суф. ‑тай сустракаецца ў назвах выканаўцаў дзеяння, напрыклад, гультай, рус. ходатай, глашатай (Фасмер, 3, 447; Бязлай, 3, 155; БЕР, 6, 190). Мартынаў (Лекс. балтызмы, 25) лічыць лексічным пранікненнем прыбалтыйскага *artojis > прасл. *ortajь, паколькі суфікс ‑ta‑ з нарашчэннем ‑io не сустракаецца ў іншых індаеўрапейскіх мовах, акрамя балтыйскіх і славянскіх. Паводле Шустэра–Шэўца (2, 1208) гутарка ідзе пра суфікс *‑ajь, а ‑t‑ адносіцца да асновы *ar(t)‑ ’араць’, як у рус. ра́тай ’воін’ (гл. раць, ратнік), аналагічна літ. árti ’араць’ > artójis ’араты’, што не пераконвае. Гл. таксама араты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свякро́ў ‘маці мужа’ (ТСБМ, Стан., Сл. ПЗБ), свякро́ва ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), свякрывя́ ‘тс’ (Гарэц.), свякро́ўка ‘тс’ (Ласт., Сл. ПЗБ), свякру́ха (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), свякра́ ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свекро́ў, свекру́ха ‘тс’ (ТС), укр. свекру́ха, рус. свекро́вь, дыял. свекры́, свекро́ва, стараж.-рус. свекры, Р. скл. свекръве, польск. дыял. і старое świekra, ст.-польск. świekrzew, świekrucha, świokra ‘свякроў; цешча’, ст.-чэш. swekrev, svekruše, славац. svokra, svokruša, серб.-харв. све̏кърва, славен. svȇkrv, svekrva, балг. свекъ́рва, макед. свекрва ‘тс’. Прасл. *svekry, Р. скл. *svekъrve. Адпаведнікі ў новаперс. xusrū, лац. socrūs, ст.-в.-ням. swigur ‘свякроў’, арм. skesrair, skesur ‘тс’ (Траўтман, 296; Торп, 544; Майргофер, 3, 400). На падставе роднасных форм рэканструюецца і.-е. *svék̂uros. Нявырашаным застаецца пытанне аб цвёрдасці ‑к‑ у славянскім слове. Педарсэн (BB, 19, 302) мяркуе, што было дзве формы і.-е. *svék̂uros і *svekrus, адкуль можна было тлумачыць слав. к. Ісачанка (Slavia, 1953, 65) дапускае існаванне прасл. *svesry: *sve‑ ‘свой’, дзе другая частка слова ў выніку народнай этымалогіі была заменена на ‑kry пад уплывам *kry ‘кроў’ (параўн. польск. krewni ‘родзічы’ = “кроўныя”). Падрабязна гісторыю слоў гл. Трубачоў, История терм., 118 і наст., Шаўр, Etymologie, 41–44 (паводле яго, зыходныя формы абазначалі як бацьку, так і маці мужа, гл. свёкар). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 572; Махэк₂, 595; БЕР, 6, 539.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́паць ‘тузаць, пацягваць за што-небудзь’ (браг., З нар. сл., Пятк. 2), ‘тузаць, намагацца’, ‘хутка нешта рабіць ці падымаць не пад сілу (Нар. Гом.; браг., Нар. словатв.), ‘торгаць’, ‘цяжка дыхаць’, ‘зло, з крыкам размаўляць’ (Ян.), се́пацца ‘злавацца’, укр. сі́пати ‘тузаць’, рус. дан. си́пать ‘цягнуць рыўкамі’, польск. siepać ‘торгаць, рваць’, н.-луж. sepaś ‘біцца (пра пульс, сэрца)’, серб.-харв. сепати се, себати се ‘тузацца’, балг. се́пвам ‘палохаць, прымушаць здрыгануцца’, дыял. се́пам съ ‘уздрыгваць’, макед. сепнува се ‘асякацца, раптоўна замаўкаць; слупянець’. Прасл. *sěpati ‘тузаць, торгаць’, параўноўваюць з літ. šaipýtis ‘насміхацца, здзеквацца; крывіць вусны’, што дае падставы разглядаць праславянскі дзеяслоў як ітэратыў з першаснай матывацыяй, захаванай у літ. šiẽpti ‘рабіць грымасы, рухі тварам’, што да і.-е. ḱei̯p‑ ‘рабіць рухі, моршчыць твар’, з тым жа коранем авест. saef‑ ‘махаць’, ст.-інд. śipra‑ ‘вусы’ (Борысь, Etymologie, 378). Паводле чаргавання вакалізму кораня сюды адносяць польск. siąpić ‘імжэць’ (Брукнер, 489), чэш. sapat se ‘гвалтоўна нападаць’, славац. sápať ‘торгаць’, славен. sópsti ‘пыхцець, цяжка дыхаць’, на аснове якіх выводзіцца прасл. *sap(a)ti, суадноснае з *sěpati (Сной у Бязлай, 3, 218), гл. сапці. Магчыма, звязана з сіпець, гл. (так Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 270), параўн. (змяя) mòcna sièpnuŭszy ŭskoczyła (Пятк. 2, 50) і сіпе́ць (сипѣць) ‘шыпець (пра змяю); злавацца’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́бка 1 ‘стрэмка; трэска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Гарэц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк., Юрч.; лельч., Арх. ГУ; Жд. 3), ска́ба ‘стрэмка, клін’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ска́біна ‘тс’ (Юрч.), сюды ж, відаць, скаба́ ‘худая жанчына’, скаба́чка ‘тс’ (Мат. Гом.). Укр. ска́бка, рус. кур., смал. ска́ба ‘тс’. Паводле Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), вытворнае ад дзеяслова з коранем *skob‑, мабыць *skobiti, роднаснага скобля, скабліць (гл.), які быў страчаны яшчэ на праславянскім узроўні (параўн. аднак скабіць, гл.). Падаўжэнне галоснага ў корані сведчыць аб праславянскай старажытнасці гэтага дэрывата. Мяркулава (Этимология–1983, 64–65) аб’ядноўвае ў прасл. *skaba значэнні ‘рабро, стрэмка, шчэпка; худы’ і ўзводзіць да прасл. *skab‑ (гл. ска́ба). Са скабліць звязваюць і іншыя аўтары; гл. Міклашыч, 301; Праабражэнскі, 2, 291; Фасмер 3, 630; параўноўваецца таксама з лат. skobar̂ga ‘стрэмка’, skobaiga ‘тс’, літ. skobti ‘зрываць яблык’ (Буга, Rinkt. 2, 307).

Ска́бка 2, ска́біна ‘кропля тлушчу ў страве’ (Юрч.), параўн. славен. skȃba ‘тс’, харв. škȃble ‘тс’, ‘тлустая пляма’. Відавочна, да ска́бка 1, г. зн. ‘нешта аддзеленае, адшчэпленае’. Параўн. яшчэ поўны паралелізм значэнняў у скалка 1, скалка 2. Куркіна (Диал. структура, 93) разглядае разам з скаба, скабка ‘трэска, стрэмка’, што да прасл. *skaba з другасным падаўжэннем каранёвай галоснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смык 1 ‘прыстасаванне для ігры на струнных інструментах’, старое ‘прымітыўная барана’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, ТС, Пятк. 2, Бяльк., Байк. і Некр.), ‘калодзежны журавель’ (івян., стаўб., глус., ДАБМ, камент., 810; Янк. 2, Сл. рэг. лекс.), смыч ‘тс’ (шчуч., Нар. сл.), ‘пугаўё’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘дэталь (дужка) у прымітыўным такарным станку’, ‘прылада для лоўлі бадзяжных сабак’ (Скарбы), смычо́к ‘смык (у музычных інструментах)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘прылада для трапання шэрсці’ (ТСБМ). Укр. смик ‘смык; вага калодзежнага жураўля’, рус. зах., паўн. смык ‘смык; від бараны’, смычо́к ‘смык (муз.)’, стараж.-рус. смыкъ ‘струнны музычны інструмент’, смычькъ ‘музыкант, які грае на смыкѣ’, польск. smyk ‘смык (муз.); від саней’, smyczek ‘смык’ , н.-луж., в.-луж. smyk ‘смык (муз.)’, чэш. smyk ‘валакуша, лесаспуск’, cmyčec ‘смык (муз.)’, славац. smyk ‘валакуша’. Прасл. *smykъ і *smyčьkъ; паводле Борыся (564), позняя праславянская інавацыя ад прасл. *smykati (гл. смыкаць). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 341; Фасмер, 3, 695; Махэк₂, 384–385; ЕСУМ, 5, 320; Трубачоў, Ремесл. терм., 128 (рэканструюе зыходнае *sъmъkъ).

Смык 2 ‘перашыек’ (слаўг., Яшк.), смы́чка ‘невялікае паселішча паміж дзвюма вёскамі (ушац., Нар. лекс.). Параўн. укр. смик ‘павадок для паляўнічых сабак’, рус. смык ‘стык’, польск. smyk, smycz ‘павадок’, чэш. smyčka ‘пятля’. Дэрываты ад прасл. *sъmykati ‘замыкаць, злучаць’ (Борысь, 564; ЕСУМ, 5, 320–321).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смята́на ‘густы і тоўсты верхні слой сквашанага малака’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Бяльк.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ), ‘вяршкі’ (Гарэц.; ашм., Стан.), ‘страва з цёртага канаплянага семя’ (ЛА, 1, 4; Сл. ПЗБ, ТС), смята́нка ‘вяршкі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. смета́на, польск. śmietana, ст.-польск. śmiotana, дыял. smiętana, каш. sḿotana, в.-луж. smjetana, н.-луж. sḿetana ‘расліна Ulmaria pentapetala’, zmjatana ‘вяршкі’, чэш., славац. smetana ‘вяршкі’, серб.-харв. сметана, славен. smẹ́tanẹ́a, харв. дыял. smȅtana, балг. смета́на. Прасл. *sъmetana выводзяць ад форм, роднасных прасл. *metati (гл. мята́ць 1), *sъmetati, г. зн. ‘знімаць, скідваць’, параўн. макед. сметина ‘тс’. Насавы ę ў польск. дыял. smiętana тлумачаць другаснай назалізацыяй, як у między ‘паміж’. Але паколькі існуе рум. smîntînă ‘смятана’, smîntîresc ‘знімаць вяршкі’, якія выводзяцца з славянскіх форм, можа быць узноўлена прасл. *sъmętana, што збліжаецца з ст.-слав. мѧсти, мѧтѫ ‘мяшаць’; гл. Міклашыч, 189; Бернекер, 2, 44; Траўтман, 181–182. Далей мяркуюць, што вельмі рана ę і n у гэтым слове дысіміляваліся, што дало прасл. *sъmetana. Гл. Фасмер, 3, 686–687; Брукнер, 533; Махэк₂, 560; Сной₁, 584–585; Шустар-Шэўц, 1321; Борысь, 618; ЕСУМ, 5, 320. Паводле Развадоўскага (Wybór, 1, 289–291), абедзве формы слова паралельныя, пры гэтым форма з насавым лічыцца дыялектнай (гл. Слаўскі, SP, 1, 132; Новое в рус. этим., 212).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струг 1 ‘інструмент для стругання’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Пятк. 1, Сл. Брэс.; дзятл., лід., шальч., в.-дзв., брасл., Сл. ПЗБ), ‘бандарны нож’ (Байк. і Некр.), ‘скобля’ (Сл. Брэс.), струга́ч ‘тс’ (Стан.), ст.-бел. стругъ ‘цяслярскі інструмент’ (Ст.-бел. лексікон). Укр., рус. струг, ст.-рус. стругъ, ст.-польск. strug, чэш. struh, серб.-харв. стру̑г, славен. strȗg, балг., макед. струг ‘такарны станок’, макед. дыял. struk ‘гэбель . Прасл. *strugъ ‘від вострай прылады для згладжвання і канчатковага фармавання вырабаў з дрэва’, суадноснае з *strъgati, гл. стругаць. Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 154–155), адносіны назоўніка і дзеяслова ўзыходзяць да больш старажытнага *streug‑:*strug‑, а пасля зняцця славяна-германскай інавацыі sr > str да і.-е. *sreug‑/*srug‑; звязана чаргаваннем галосных з стругаць (гл.) (Фасмер, 3, 782).

Струг 2 ‘драўлянае рачное судна’ (ТСБМ), ‘баржа’ (Ласт., Байк. і Некр.), ст.-бел. стругъ ‘вялікая лодка, карабель’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. струг ‘тс’, дыял. струга́ ‘від чоўна’, рус. струг, стру́га ‘від рачнога судна, лёгкая лодка з вострымі канцамі’, польск. strug, struga ‘пласкадоннае судна’. Этымалагічна тое ж, што і струг 1; гл. Сабалеўскі, ЖМНП, 1886, верас., 155. Праабражэнскі (2, 402), Міклашыч (Lex. palaeosl., 891) прапаноўваюць вытворнасць ад і.-е. *sreu‑ ‘цячы’ (гл. струга, струя), супраць чаго Фасмер (3, 782–783); гл. яшчэ ЕСУМ (5, 450), у якім рэканструюецца прасл. *strugъ, *struga.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыга (striha) ‘страшыдла, ведзьма; чараўніца’ (Кольб., Доўн.-Зап. 2), ‘персанаж у гульні’, стры́га‑мары́га ‘тс’ (КСТ). Відаць, сюды ж дзіцячая дражнілка стры́га ‘коратка пастрыжаны хлопец або дзяўчына’ (ТС), стры́жка ‘тс’ (Бяльк.), стры́жачка ‘кароткавалосая дзяўчына ’ (Ян.), а таксама стры́жка, стры́шка ‘страказа’ (навагр., Нар. сл.); дзяцей палохаюць стрышкай, кажуць: “Хавайся, а то стрышка апстрыжэ” (Жд. 1). Параўн. укр. стри́ганец, стрижо́к ‘саранча, Locusta L.’, польск. strzyga ‘міфічны персанаж; чараўніца’, ‘здань у абліччы жанчыны’, strzygoń ‘вупыр’, чэш., славац. stríga ‘чараўніца, ведзьма’, ‘начны матыль’, серб.-харв. штри̏га ‘ведзьма’, ‘начны матыль’ (HJ, н. с., 4, 9–10), ‘груба абстрыжаны ножніцамі’, харв. дыял. striga, štrȉga ‘сараканожка’, славен. striga ‘тс’. Лічыцца запазычаннем з с.-лац. strìga ‘ведзьма’, што паходзіць з лац. strix, strigis ‘сава’, таму што чараўніца паказвалася ў абліччы савы і высмоктвала дзіцячую кроў (Брукнер, 523). Борысь (584) мяркуе, што крыніцай запазычання магла быць і адпаведная раманская форма, напрыклад, венец. striga. Паводле Махэка₂ (582), слова трапіла да славян з румынскай з валахамі-пастухамі. Несумненны ўплыў дзеяслова *strigti (гл. стрыгчы), а таксама ўяўленняў пра насякомых як пераўвасабленняў злых істот, параўн. Важны, O jménech, 89; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 346; Гура, Слав. др., 3, 370–371. Магчыма, звязана з дзеясловамі з коранем *strig‑, што абазначаюць хуткія і рэзкія рухі, гл. стрыгуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)