Піск ’тонкі, высокі гук’ (ТСБМ, Яруш.), піскатня́ ’працяглы многагалосы піск’, піскнуць, піснуць — аднакратнае ад пішча́ць (ТСБМ), пі́скыць ’пішчаць раз-пораз’ (Юрч. СНЛ), піскаце́ць ’пішчаць’ (гродз., З нар. сл.), ’вішчаць (пра свіней)’ (гродз., ЛА, 1), ’шчабятаць (пра ластаўку)’ (Скарбы), піска́ты ’пісклявы’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. пи́скати, писк, рус. писк ’тс’, ц.-слав. пискати; польск. piskać ’пішчаць’, ’шыпець’, в.-луж. piskać ’пішчаць, вішчаць’, ’скрыпець’, ’свісцець’, ’іграць на музычным інструменце (дудцы)’, чэш. pískati ’свісцець’, ’дудзець (на дудзе)’, славац. pískať ’тс’, pisk, piskot ’піск’, славен. písk ’свіст’, pískati ’свісцець’, серб.-харв. пи̏ска ’піск, віскат’, пи̏скав ’пісклявы, рэзкі’, ’свісцячы гук’, макед. пискот ’піск. віскат’, писка ’пішчаць’, ’свісцець’, ’шыпець’, балг. пискам ’пішчаць’, ’плакаць’, ’шчыкаць, цвыркаць’, ст.-слав. пискати ’іграць на жалейцы’. Прасл. *piskъ, *piskati, утвораныя ад гукапераймальнай асновы *pi‑, параўн. літ. pyškė́ti ’ляскаць (пугай), ’трашчаць (аб лёдзе), лат. pį̃kstet ’пішчаць’, лац. pipāre, pipiāre, pīpilāre ’пішчаць’, ст.-грэч. πίπος ’птушанё’, πιππίξω ’пішчу’, ст.-інд. picchōrā, picchōlā ’дудка, флейта’, ісл. píska ’шаптаць, шалясцець’ (Праабражэнскі, 2, 62; Фасмер, 3, 271; Бязлай, 3, 41; Брукнер, 415 ). Махэк₂ (451) дапускае далучэнне ‑sk-інтэнсіва да асновы *pi‑ (> *pi‑sk‑ati), першасным значэннем якой было ’свісцець’, як і ў ням. pfeifen. Суф. ‑sk‑, як у трэск, плеск, нырск, ляск(ат) і інш. Сюды ж піску́лька ’вадаплаўная птушка атрада гусепадобных’ (ТСБМ), пі́кот ’цісканне (пра ўюноў у лавушцы)’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)