Пячку́р1 ’невялікая рачная рыба, Gobio gobio (L.), Cottus gobio L.’ (Жук., ТСБМ, Янк. 1), печку́р ’тс’ (ТС); сюды ж пячку́рыцца ’жыраваць’; параўн. укр. пічку́р ’тс’, рус. печку́р ’тс’, славен. piškúr ’рыба Cobitis fossilis, Petromyzon fluviatilis’, серб. пи̏шкур ’тс’. Відаць, у выніку збліжэння пяску́р ці піску́р (гл.) да пячо́ра, пячу́ра ’ямка ў рацэ; падмыты бераг’: ракі і рыбы вядуцца ў печорах (Бір.), параўн. аналагічнае пячку́р, печку́р ’берагавая ластаўка’, пячу́рка, пячу́рнік ’тс’ (ТС; ЛА, 1), гл. таксама ЕСУМ, 4, 420. Паўднёваславянскія словы ў выніку фанетычных дыялектных змен першапачатковага *piskorʼь ад *piskati (гл. пішчаць, піск), параўн. Бязлай, 3, 43; Сной₂, 518. Гл. пяшкур.

Пячку́р2 ’пячнік’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Касп., Др.-Падб., Юрч., Мат. Маг.); параўн. укр. пічку́р ’качагар, апальнік’. Паводле Блесэ (SB, 5, 17), з літ. pečkuris ’качагар’, што цяжка давесці (Лаўчутэ, Балтизмы, 147). Відаць, нельга разглядаць асобна ад пячку́р, печку́р ’хто любіць ляжаць на печы’ (Сцяшк., Др.-Падб., ТС), пячку́р ’лянівы кот, які не ловіць мышэй’ (дубр., ушац., Жыв. НС); хутчэй за ўсё, ад пе́чка, памянш. да печ (гл.) пад уплывам пячу́рка ’ніша ў печы для сушэння’, параўн. пячу́рнік ’хто любіць ляжаць на печы’ (Варл.), пячу́р ’тс’ (Сцяцко, НЛС). Гл. пячка́р. Украінскае слова выводзяць з печ і ку́рити (гл. курыць), параўн. і смалаку́р, гл. ЕСУМ, 4, 420.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)