Лы́паць ’маргаць’, ’бяссэнсава маргаць ад здзіўлення, страху, збянтэжанасці’, ’маўчаць, не ведаючы, што сказаць’ (ТСБМ, Шат., Касп.; КЭС, лаг.), ’вытрэшчваць вочы’ (полац., Нар. лекс., Чыгрынаў, КТС), лы́пнуць ’плюснуць (вачыма)’ (ТС). Укр. лупати (очима) ’тс’, зах. ’слаба гарэць’; польск. łypać запазычана з усх.-слав. моў. Да прасл. дыял. glipati: рус. устар. глипа́ть ’азірацца’, ст.-укр. гли́пати ’аглядваць, азіраючыся’, укр. гли́пати ’вытрэшчваць вочы’, бойк. ’кідаць вокам’, глип! ’зірк’, ’лып’, якое да і.-е. *glip‑/*ghlib‑ (Трубачоў, Эт. сл., 6, 127–128). Аднак аўтарамі гэтага слоўніка дапускаецца, што glipati — экспрэсіўнае ўтварэнне, якое можнатады параўнаць з дац. glippe ’маргаць’, швед. glippa ’часта адкрываць (вочы)’. Чэкман (Балто-слав. иссл., 74, 125) супастаўляе з літ. glìbti, žlìbti ’станавіцца падслепаватым’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)