Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кол ’палка, шост з завостраным канцом’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Сержп., Сцяшк., Яруш., Бір., Нар. сл., Бяльк., Нар. лекс., Сержп. Пр.), ’гульня’ (Нар. словатв.). Укр. кіл, рус. кол, ст.-слав. колъ, балг. кол, славен. kòl, польск. kół, чэш. kůl, в.-луж. kół ’тс’. Да калоць (гл.).

Ко́ла1 ’круг’ (ТСБМ, Яшк., Яруш., Сержп. Пр.). Укр. коло, рус. коло, ст.-рус. коло ’тс’, ст.-слав. коло, балг. коло, серб.-харв. ко̏ло, славен. koló ’тс’, польск. koło, чэш. kolo, славац. kolo, в.-луж. kolo, палаб. tʼölü ’тс’. Прасл. kolo, kolese мае бліжэйшыя адпаведнікі ў ст.-прус. kelan і ст.-ісл. hvel (усе формы сярэдняга роду). Цікава, што ва ўсходнебалтыйскіх мовах прадстаўлена іншая назва кола: літ. ratas, лат. rats (Тапароў, I–K, 305–306).

Ко́ла2 ’круг, які круціцца на восі і забяспечвае рух сродкаў перамяшчэння’ (ТСБМ, Нас., Шат., Рам., Яруш., П. С., Сержп. Пр.). Гл. кола1.

Ко́лаварат ’свердзел’ (Мат. Гом.). Гл. калаворат.

Ко́лавараты ’вароты ў канцы вёскі’ (Бяльк., Нас. Доп.). Гл. калаварот.

Ко́ламазь ’мазь для калёс’ (Жыв. сл., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Маг.). Гл. кола2.

Ко́лас ’суквецце злакаў, суквецце з пладамі, насеннем гэтых раслін’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Ян., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Сержп. Грам.). Укр. колос, рус. колос, ст.-рус. колосъ ’тс’, ст.-слав. класъ, балг. клас, макед. клас, серб.-харв. кла̑с, славен. klȃs ’тс’, польск. kłos, чэш. klas, славац. klas, в.-луж. kłos, н.-луж. kłos, палаб. klǎs ’тс’. Прасл. kolsъ мае бліжэйшую паралель у алб. kall ’колас’ (< kalsa). Цікава, што паралелей да гэтага слова ў балтыйскіх мовах няма. У іх існуюць адпаведнікі да іншай славянскай назвы коласа: прасл. voltъ (гл. валотка). Параўн. серб.-харв. вла̑т, славен. vlat, vlatka ’мяцёлка, колас’, літ. váltis ’колас аўса, мяцёлка’ (Мартынаў, Изоглоссы, 11). Можна меркаваць, што прасл. kolsъ — вынік кантактаў славян з палеабалканскім моўным масівам.

Ко́лат ’доўгі кій з перакладзінай на адным канцы, якім заганяюць рыбу ў сетку ці нерат’ (Нар. сл., Мат. Гом., Мат. Маг., Бяльк.). Да калаціць (гл.).

Ко́лба ’шарападобная або канічная шкляная пасудзіна’ (ТСБМ). Укр. колба, рус. колба ’тс’. Праз рускае пасрэдніцтва запазычана з ням. Kolben ’тс’ (Шанскі, 2, 8, 195).

Ко́лдра ’коўдра’ (Нас., Нік. Очерки). Гл. коўдра.

Ко́лева ’мядовая сыта і пакрышаныя туды абаранкі або булка’ (Кос.). Магчыма, праз значэнне ’дробнае зерне’, да каліва (гл.).