Коўб 1 ’невялічкая рачная рыба’ (Нар. лекс.). Параўн. келб (гл.).
Коўб 2 ’свіны страўнік’ (Нар. словатв., Нар. лекс.), ’страўнік у жывёл’ (Мат. Гом.). Укр. ковбик, ковбік ’тс’. Апошняе разглядаецца як кантамінацыя ковбан ’калода, цурбан’ і ’каўбаса’ (маецца на ўвазе страўнік, начынены мясам) (ЕСУМ, 2, 479). Вельмі праблематычна. Больш верагодна Да коўп 1 (гл.).
Коўб 3 ’вузел валасоў, завучаных на патыліцы’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. ковбешка ’галава’, якое таксама звязваецца з ковбан ’калода, цурбан’ (ЕСУМ, 2, 481). Ненадзейна. Ці не звязана з каўпак (гл.)?
Ко́ўдра ’пасцельная рэч, якою накрываюцца’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Шат., Касп., Бяльк., Шпіл., Нар. словатв., Яруш., Сцяшк., КЭС, лаг., Гарэц., Шпіл.). Укр. ковдра ’тс’. Запазычанні з польск. kołdra ’тс’, якія разам з іншымі заходнеславянскімі назвамі коўдры паходзяць з італ. coltra ’пакрывала’ (ЕСУМ, 2, 482; Слаўскі, 2, 366).
Ко́ўзацца ’катацца па слізкай паверхні’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 3, Бяльк., Федар. Рук., КЭС, лаг., Янк. Мат.). Укр. ковзатися, рус. колзать ’тс’, польск. kielzać sie, чэш. klouzati se, славац. kľzať ’тс’. Адсутнасць адпаведнікаў у паўднёвых славян вымушае сумнявацца ў праславянскім характары *kъlzati (параўн. ЕСУМ, 2, 483).
Ко́ўзні ’рукавіцы’ (Мат. Гом., Маш.). Да коўзацца? (гл.). Семантыка незразумелая.
Ко́ўка 1 ’дзеянне паводле дзеяслова каваць (ТСБМ) (гл. каваць).
Ко́ўка 2 ’доўгі шост з патаўшчэннем на канцы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. літ. kúoka ’дубіна’ (там жа, 2, 508), ’калатуша для разбівання камякоў на раллі’ (Касп.). Запазычанне з літоўскай мовы.
Коўп 1 ’страўнік у жывёл, птушак’ (Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Да коўп 2 (гл.). Параўн. коўб 2 (гл.).
Коўп 2: з коўпам ’з верхам’ (Федар.). Балтызм. Параўн. літ. kaupas ’тое, што насыпаецца з верхам, звыш меры’, su kaupu = з коўпам (Лаўчутэ, Балтизмы, 115).
Ко́ўраты ’вароты’ (Мат. Маг., Бяльк., Юрч.) Укр. коворот ’вароты каля ўваходу ў сяло’, рус. коворат ’стоўб, да якога прымацоўваюцца вароты’. Магчыма, мы маем справу тут з прэфармантам ко‑, к-. Параўн. ЕСУМ, 2, 485.
Коўт ’конскі кал’ (Бяльк.). Параўн. укр. ковтях ’тс’. Украінская форма, відаць, узыходзіць да ковтях ’пасма збітага валосся’. У сваю чаргу апошняе да каўтун (гл.) (ЕСУМ, 2, 488). Такім чынам, бел. коўт можна разглядаць як выпадак зваротнага словаўтварэння да каўтун. Гл. каўцях.
Ко́ўтаб ’мелкае азярцо на лузе’ (Яшк.). Параўн. укр. ковтеб. ковдоба ’тс’ (ЕСУМ, 2, 487). Гл. каўдоба.
Ко́ўтун 1 ’каўтун’ (Мат. Гом.). Гл. каўтун.
Ко́ўтун 2 ’губа’ (Мат. Гом.). Да коўтун 1 (гл.). Семантычны пераход ’патаўшчэнне’ > ’губа’.