Калавора́т ’глыбокае месца ў рацэ, вір’ (жытк., Яшк.). Рус. пск. коловорот ’вір’, польск. kołowrót ’тс’, серб.-харв. ко̏ловрат ’тс’. Прасл. злучэнне kolo‑vortь (гл. кола і вярцець). Слаўскі (2, 372) мяркуе, што ў польск. мове значэнне ’вір’ (адзначала ўжо ў Ліндэ) з’яўляецца пераносным, думаецца, што гэта не так і прасл. лексема разам з тэрміналагічнымі значэннямі магла мець паралельную семему ’вір’, незалежную ад тэхнічных: пра гэта гаворыць, у прыватнасці, шырокі спектр значэнняў у слав. мовах разглядаемага слова, якія. натуральна, сведчаць аб полісемантычным яго характары. Параўн. калаўротак (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)