Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жубрава́ць ’доўга старанна працаваць’, ’выпрошваць’ (Юрч.). Польск. żubrować ’ачышчаць збожжа ад восцей, прапускаючы яго праз спецыяльны апарат żubrównik’. Першае бел. значэнне магчыма тлумачыць як развіццё запазычанага польск., другое адлюстроўвае гукавую змену жабраваць (гл. жабра́к). Але і першае магло ўзнікнуць непасрэдна на бел. глебе ў выніку семантычнага развіцця паводле мадэлі ’выпрошваць’ > ’пакутаваць’ > ’цяжка працаваць’ (параўн. слав. trǫdъ ’хвароба’ > ’праца’). У сувязі з другім значэннем параўн. яшчэ серб.-харв. жу̏борити ’рабіць лёгкі шум’, балг. дыял. жуборя ’шумець’, макед. жубори ’тс’.

Жуві́кшч ’шнуры для замацавання ніта’ (Сл. паўн.-зах.). З літ. žuvýkštis ’тс’ (Сл. паўн.-зах., 2, 154; Лаўчутэ, Сл. балт., 66).

Жуда́1 ’жах’ (ТСБМ). Рус. кур., арл., смал. жуда ’тс’, ’непакой’, ’нястача’. Сюды ж, відаць, рус. жуть, жуткий (> жудь, жудкий). Параўн. серб.-харв. жу̑д ’жаданне’, балг. дыял. жу̀дя ’не спаць, мучыцца, не засынаючы’. Параўн. літ. žudýti ’мардаваць; забіваць, мучыць’, žū́ti ’гінуць’, лат. zust ’знікаць, страчвацца’, zudums ’страта’, zaudēt ’губіць’. Карскі (Труды, 392–393) указваў на роднасны характар бел. (рус.) і літ. слоў (Фасмер, 2, 63, недакладна прыпісаў Карскаму думку пра балт. паходжанне слова: у Карскага чытаем: «жуда́… сродни лит. žudaũ, žudýti умерщвлять»). Булахаў (Курс суч., 159) ўказваў на слова жуда як балтызм. Мартынаў Міхневіч (Маладосць, 1970, 7, 150) лічылі жудасны ўтвораным па балт. тыпу ад жуда (параўн. дзіва > дзівосны), а пра слова жуда адзначалі яго пашыранасць толькі на бел. і рус. глебе і пісалі: «магчыма, таксама з’яўляецца балтызмам». Буга (2, 688) прыводзіў для жуда іншыя балт. адпаведнасці: літ. жэмайц. žiadùs ’суровы, шурпаты’ і да т. п., аднак яны не мяняюць справы, бо Фрэнкель (1303) звязваў іх з тым жа літ. žudyti. Трубачоў адносіць рус. і бел. жуда да дыялектызмаў прасл. слоўніка (Слав. языкозн., V, 172). Фасмер (2, 63) на семантычнай падставе думку аб балт. паходжанні слова жуда лічыў няпэўнай. Ён, аднак, не ведаў семантычна цікавага дадатку Бугі. Праабражэнскі (1, 236) прывёў думку Патабні (РФВ, 2, 10) аб суаднесенасці жуда з літ. gañsti ’пужацца’, што выклікала пярэчанні Фасмера па фанетычных матывах. Скок (1, 564) адносіць серб.-харв. жуд < *ghьḷd‑ да кораня glad ’голад’. БЕР (1, 556) звязвае балт. жудя з рус. жуда, балт. формамі тыпу літ. žudyti і услед за Фасмерам, параўноўваючы з ірл. gūas ’небяспека’, англа-сакс. gietan ’забіваць’, узводзіць да і.-е. *gʼheu̯d‑. Аднак, калі прымаць такі пункт гледжання, слав. формы павіяны былі б мець не ž, а z, а ж тлумачыцца як запазычанне з літ. Магчыма, таму Покарны (1, 448), прыводзячы балт., ірл., герм. формы, не ўключыў у адпаведны артыкул слав. Дабрадомаў (РР, 1977, 3, 157–160), зыходзячы з пашырэння слова на бел. і рус. тэрыторыях, выказаў думку пра балт. крыніцу, хаця балт. этымон няясны. Балт. паходжанне прымае Лаўчутэ, Сл. балт., 54. Але балт. паходжанне, калі ўлічваць пашырэнне кораня на балг. тэрыторыі, малаверагодна: трэба або аддзяляць балг. слова (жу̀дав ’слабы, няплённы (аб зямлі, збожжы)’), або знаходзіць іншую этымалогію. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 300–301) вагаецца паміж рознымі супастаўленнямі кораня. Магчыма, трэба лічыць жуда бязафіксным наз. ад дзеяслова жудзець (гл.) з развіццём значэння ’гусці, шумець’ > ’дакараць’ > ’выклікаць непрыемныя пачуцці’ ці ’перашкаджаць спаць’ (для балг.). Параўн. жуда2. Вытворнае жу́дасны зусім не абавязкова балтызм. У слав. мовах ёсць шэраг вытворных ад асноў на ‑s‑, спіс якіх не закрыты (параўн. неба, чуда), але жудасны лёгка тлумачыцца як вытворнае ад жудасць (жуд‑ост‑ьн‑ > жудостн‑ > жудасн‑). Бардовіч–Шакун, Марфемны слоўнік беларускай мовы, 1975, с. 200.

Жуда́2 ’дзеці’ (навагр., Нар. словатв., 43). Параўн. рус. арл. жуд ’шум, гудзенне’. Магчыма, развіццё знач. ’шум’ > ’тыя, хто робіць шум’. Не выключана і сувязь з жуда1, нават перанос ’жах’ > ’непакой’ > ’крыніца непакою’.

Жудзе́ць ’дакараць, лаяць, павучаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. арл. жуде́ть ’гусці’, жуди́ть калуж. ’гусці крыламі’, смал. ’доўга бурчаць’. Кантамінацыя гусці (гудзець) з жузнець, жужэць (гл. гэтыя словы), якая адбылася ва ўсх.-слав. дыялектах, прычым зафіксаваная бел. форма на першы план высоўвае знач. ’дакараць’, у той час як рус. дыялекты хутчэй адлюстроўваюць значэнні агульнага шуму.

Жужа́к ’вялікая муха, якая кусае летам скаціну’ (черв., Нар. лекс., 63), ’авадзень’, ’хрушч’, ’гнаявік’, ’вадзяны жук’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. том. жужг ’жук’, перм. жужга ’гнаявік’, цюмен., табол. ’жукі’. Утворана з суфіксам ‑ак ад асновы дзеяслова жужэць (гл.).

Жу́жалка1 ’жабянятка’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. с.-урал. жужа́лка, свярдл., арханг., гом., перм., новасіб. жужелка ’жук, насякомае’. Відаць, звязана з памянш. *жужалка, жужаль1. Параўн. рус. арханг. жу́желица ’яшчарка’. Гэта назва дробнай істоты ўваходзіць, відаць, у кола тых істот, якія называліся першасна зборным жужаль1 паводле Махэка₂, 729.

Жу́жалка2 ’чарнявая жанчына’ (Жд.). Параўн. рус. паўд.-сіб. жу́желица ’чарнявая дзяўчына’. Семантычны перанос ад першапачатковага памянш. жужалка ’чорнае насякомае’ (< жужаль1) на асобу.

Жу́жалкі ’частка кумпяка (бядра)’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. жужулачкі, журжа1 ’назвы цацак, што робяцца з касцей парасячай ці авечай нагі’. Параўн. рус. дыял. раст. журжелка ’цацка з косці’, ’бабка (для гульні)’, ’доўгая, худая нага’, кур. жижки ’калені’ (націск?). Жу‑, як і ў іншых згаданых словах, можа ўзыходзіць да і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ (> *žu‑), прадстаўленага, напр., у літ. gur̃nas ’шчыкалатка; пятка; костка, што тарчыць’, лат. gùrns ’сцягно, кумпяк, костка сцягна, кумпяка’, хец. ku‑u‑tar (kuttar) ’верхняя частка пляча’, ісл. kjũka ’частка пальца’. Другое ж можа быць ці рэфлексам старога пашырэння ‑g‑, як у названай ісл. форме, ці паўтарэннем, ‑l‑ стары суфіксальны элемент, ‑ьk‑ новы суфікс. Покарны, 1, 393–398; Фрэнкель, 178–179.

Жу́жаль1 ’драпежны начны жук, Carabidae’ (ТСБМ). Рус. жу́желица, укр. жу́желиця, жу́жіль ’тс’, чэш. žižala, žižalice ’род чарвякоў з сям. Lumbricidae’, палаб. zauzălaića ’чарвяк’, славен. žúžel, žužę̂lica ’насякомае’, балг. жу̀жел, макед. жужел ’тс’. Ц.-слав. жоужєль ’тс’, ст.-рус. жужель ’тс’. З суф. *‑elь ад асновы *zu‑zg‑ (< *geu), відаць, гукапераймальнага характару, як і ў жук (гл.). Фасмер, 2, 63–64; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 297; Міклашыч, 412. Махэк₂ (729), відаць, справядліва лічыў, што першасна жужаль было зборным найменнем розных дробных стварэнняў — насякомых, чарвякоў і г. д., што тлумачыць выкарыстанне слова для абазначэння розных істот у розных слав. дыялектах (гл. жужалках).

Жу́жаль2 ’шлак; гразевая або гнаявая жыжка’ (ТСБМ), ’крохкая парода’ (глус., Янк. III), ’гразь, жабурынне, лёк’ (Сл. паўн.-зах.), жу́жаля ’бруд у вадзе’ (Яўс.). Рус. арл. жужель ’дробныя адходы ад бульбы’, укр. жу́жіль ’шлак’, польск. żużel ’тс’, чэш., славац. žúžol ’вугаль’, славен. žužel ’сасновая сажа’, балг. дыял. жу̀жел, жужель ’нешта чорнае, перагарэлае’. Па Брукнеру (668), як і жужаль1, ад гукапераймальнага і.-е. кораня *geu‑ паводле гуку, які выдае металічны шлак. Праабражэнскі (1, 236) указаў на сем. цяжкасць гэтага. Гараеў (111) супастаўляў з жгу, жечь, жижа ’агонь’, што спатыкаецца з фанетычнымі цяжкасцямі, якія далі Фасмеру (2, 64) падставу лічыць гэту прапанову непераканаўчай. Безлай (лекцыя ў БДУ 14 лістапада 1969 г.) выказваў думку пра сувязь жужаль ’шлак’ з *jьgъla (> іголка), абгрунтоўваючы семантычна колкасцю шлаку, а фанетычна пачатковым d‑ (*djugъla), паходжанне якога, аднак не тлумачылася. Калі прыняць версію Махэка₂ (729) пра першаснае значэнне жужаль1 ’сукупнасць дробных стварэнняў насякомых, мышэй, чарвей і да т. п’., можна зразумець і перанос назвы жужаль з дробных нячыстых істот на дробныя нячыстыя прадметы: шлак, жабурынне, бруд, гразь. Параўн. яшчэ жужалка1.

Жу́жаль3 ’расліна куколь, Agrostemma githagos’ (Сл. паўн.-зах.). Можа тлумачыцца як перанос ад жужаль1 ’шлак’ назву пустазелля, непатрэбнай травы. Іншыя назвы: тугаль, гугаль, куколь (гл.), зязюльчын лён (Кіс., 10). Першыя тры з іх указваюць на старажытную назву з вялікай варыянтнасцю зычных. Тады жужаль — варыянт старажытнай назвы (магчыма, праз *gougolь*geugelь > žuželь).

Жу́жла ’жук’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. літ. дыял. žužlá ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, на той жа аснове жу‑, жужг‑, жузг‑ гукапераймальнага характару, што і жужэць, жук1 (гл.) з суфіксам ‑л‑а (як цёрла, а таксама зяпло, вякло (гл.), Сцяцко, Афікс. наз., 48–49). Гл. жужаль1.

Жу́жма1 ’вялікая колькасць’ (чавус., Нар. сл., 132), ’стос, шмат’ (Мат. Гом.), жу́шмо ’сноп, некалькі жмень (ільну, канапель)’, (Лексика Пол., 211–212), ’мера льну, вязка, вялікая колькасць’ (Сл. паўн.-зах.), жу́шма ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жу́шма ’вялікая колькасць’, укр. жу́жмом ’у пераблытаным выглядзе; разам, вялікай колькасцю’, ляшск. žižmo ’вялікая колькасць’. Параўн. славен. žúželj, žušelj ’жмут’. Паводле Сцяцко (Афікс. наз., 54), жужма ад жужаць з суфіксам ‑ма са зборным значэннем. Махэк₂ (729) таксама лічыў, што тут сувязь з жужэць, а першаснае значэнне тыпу ’рой’. Але такое тлумачэнне не ўлічвае значэння ’мера льну’, якое цалкам, верагодна, было першасным: пераход ад ’вязка льну’ да ’вялікая колькасць’ зразумелы. Яно прадстаўлена, відаць, у слове жма ’процьма’, дзе на ўзнікненне значэння ’вялікая колькасць’ магло ўздзейнічаць слова цьма. Вывесці значэнне ’мера льну’, наадварот, ад значэння ’мноства’ цяжка. Параўн. і жужма2. Пачатковае жу‑ можа быць вынікам паўтарэння ‑ж‑ у корані ‑жма. Калі ўлічыць жулёмак ’некалькі жмень ільну’ (гл.), магчыма ў жу‑ бачыць рэфлекс кораня *geu, што меў значэнне ’сціскваць, згінаць’. Не выключана і кантамінацыя слова тыпу жма са словам, якое мела значэнне ’мноства’ і было звязана з жужэць (* < geu‑), напр., рус. дыял. жужг ’насякомыя; смецце’. Але шэраг слоў мае элемент жу‑ ў значэнні ’вязка’ і да т. п. Параўн. журжах1, жужалкі, жушмень.

Жу́жма2 ’неахайная жанчына’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, пераноснае ад значэння жужма1 ’вязка льну, сноп’. Але параўн. яшчэ польск. żużmant ’народная сукенка (з XVIII ст.)’.