Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жупа́н ’даўнейшае верхняе мужчынскае адзенне’ (ТСБМ), жу́піца ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), жу́па́ ’дзіцячая вопратка’ (КСТ). Рус., укр. жупа́н ’тс’, польск. żupan ’тс’, в.-луж., чэш., славац. župan, серб.-харв. жу̀па̄н, балг. жупан ’тс’. Ст.-рус. (з XVI ст.) жупанъ ’тс’. У бел. (ст.-бел. жупанъ (з 1578 г.), Булыка, Запазыч., 115), як і ўкр., з польск., рус. < бел. укр. Польск. < іт. giuponne ’сялянскі пінжак з грубай тканіны’ < giuppa ’кофта, кабат’ < араб. džubban ’сукня з воўны’. Жупіца (з 1538 г.) таксама з польск., дзе zupica ’камізэлька’. Той самы корань у юбка, шуба (гл.). Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 298; Фасмер, 2, 66; Брукнер, 668; Махэк₂, 731; Бернекер, 1, 460; Міклашыч, 413; Мацэнаўэр, 381; Гютль–Ворт, For. Words, 72. Глогер (Encyklopedia staropolska, 4, 1978, с. 518–520) звязваў назву адзення з назвай старых ’кіраўнікоў жупы’ — жупанаў што, недастаткова абгрунтавана.

Жу́парыць, жупорыты ’есці марудна, многа’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. калін., іван., уладз. жу́парить, жупорить ’тс’. Бел., рус., відаць, адлюстроўваюць кантамінацыю жава́ць і жу́піць. Параўн. яшчэ жабанець (гл.).

Жу́пел ’гарачая смала’, ’пужала’ (ТСБМ). Рус., укр. жу́пел ’тс’, балг. уст. жу́пел ’сера’. Ст.-слав. жоупелъ, жоупьлъ ’сера’. Ст.-рус. жупелъ ’сера ці смала’. Ст.-рус. жупелъ ’сера ці смала’ < ст.-слав. жоупелъ, жоупьлъ ’сера’ (’нябесны агонь’, ’сродак пакут’) < ст.-в.-ням. swëbal, swëfal ’сера’, прычым ‑у‑ тлумачыцца з лац. sulfur ’сера’ ці яго адлюстравання ў рэтарам. zuorpel ’тс’, што звязана, магчыма, з роллю баварскай місіі ў стварэнні хрысціянскай літаратуры ў славян. Фасмер, 2, 67; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 298–299; Праабражэнскі, 1, 238; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 341; Кіпарскі, Gemeinslav., 124.

Жу́піць ’размаўляць’ (ТСБМ). Рус. алан. жу́пить ’крычаць (пра птушак)’, жупе́ть ’спяваць (пра птушак)’. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 179) лічыць прасл. дыялектызмам *župiti. І.‑е. корань *geu‑ (Покарны, 1, 393, 403) суадносіцца з *gō̆u‑ (параўн. гутарыць, гаварыць), прадстаўлены яшчэ ў жук, жузнець (гл.). Фасмер, 2, 67 (з пытальнікам «да жук?»). Корань *geu пашыраны элементам ‑p‑.