Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жма́ка ’вільготнае месца на лузе’ (мядз., Нар. сл., 9). Відаць, перанос з назвы жамерын жмакі паводле мяккасці і вільготнасці грунту. Гл. жмуха. Параўн. чэш. žmach, žmoch ’балота, гразь’.

Жмаць ’ціснуць’ (Касп., Сл. паўн.-зах.), жмяць ’прыціскаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. жмать ’тс’. Варыянтнае афармленне дзеяслоўнага кораня, прадстаўленага ў жаць2. Параўн. н.-луж. žmuś, чэш. žmouti ’сціскваць’. Адлюстроўвае спалучэнне кораня *žьm‑ з тэматычным галосным ‑a‑: *žьm‑a‑ti.

Жме́ня, жмяня́ (Сл. паўн.-зах.). Рус. абл., укр. жме́ня ’тс’, чэш. žmen, славац. žmeň. Ад кораня *žьm‑ (жаць2, жмаць) з суфіксам *‑en‑ і далейшым канчаткам ‑ja (‑i). Відаць, яшчэ прасл. рэгіяналізм. Махэк₂ (175), улічваючы чэш. žemně, мар. žemenka, прапануе прасл. форму *žьmьńa або *žьmьnь. Фасмер, 2, 58; Міклашыч, 408.

Жмі́нда ’скнара’ (ТСБМ), жмы́нда (Касп.), жмы́ндала (мядз., Нар. сл., 67) ’той, хто плявузгае’, жмі́нда ’скнара’, ’пляткар’ (бялын., Янк. Мат., 23), жмі́нда ’той, хто бурчыць’ (лях., Янк. Мат., 123). Укр. жмі́нда ’скнара’ (Жэлях.), польск. żminda ’нудны, скупы чалавек’. Параўн. яшчэ рус. жми́нда, польск. żminda, чэш. žminda, в.-луж. žminda ’расліна лебяда (Chenopodium L. foliosum, Blitum)’ (па Махэку₂, 730, в.-луж. < чэш. < польск. < ням. Schminkelbeere. Фасмер (2, 59) абвяргае апошняе, бо слова ў ням. позняе, і спасылаецца адносна ўтварэння яго на Вондрак, Vergl. Gr., 1, 601. Міклашыч (408), Гараеў (111) звязвалі з žьm‑ > жаць2). Сувязь назвы нуднага, плявузгаючага, скупога чалавека з раслінай няпэўная. Слова жмінда ўтворана з дзеяслова *жміндаць бязафіксным спосабам, а жмындала — з дапамогай суфікса ‑ла (як калупала, жаніла і г. д., Сцяцко, Афікс. наз., 48–49). Адсутнасць у запісах значэння дзеяслова ’скнарнічаць’ магчыма растлумачыць дэфектнасцю нашых ведаў.

Жмі́ндзіць ’есці’ (гродз., Сцяц.), ’пляткарыць’ (лях., Янк. Мат., 123), ’муштраваць’ (клец., Жыв. сл., 180), жмі́ндыць ’плявузгаць’ (бялын., Яўс.). Укр. жміндати ’скнарнічаць’. Утворана ад дзеяслоўнага кораня žьm‑ (жаць2) з экспрэсіўным суфіксам ‑i‑nd‑a/i‑. Як і іншыя словы з гэтым коранем, развівае першаснае значэнне ’сціскваць’: ’гаварыць невыразна, сціскваючы рот’, ’пляткарыць, плявузгаць, нудна паўтараць, муштраваць’, ’есці жвякаючы, чмякаючы’; ’скнарнічаць’, ’прыціскацца’. Апошняе не адлюстравана ў запісах, аднак фіксуецца ў вытворным назоўніку жмінда.

Жмодзь ’саранча, навала’ (КСТ). Параўн. рус. разан., тамб. жмуть ’той, хто прыгнятае, уціскае’. Відаць, пераасэнсаванне старой назвы балт. групы плямён (параўн. для вакалізму ст.-рус. 1689 г. жмот ’конь жмудскай пароды’), вядомае і ў іншых выпадках (параўн. варвары).

Жмо́тка ’позыў (пры паносе)’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, звязана з коранем жаць2 (параўн. сцісквае ў грудзях, схваткі), аднак шлях утварэння няясны.

Жмуля́каць ’чмякаць’ (Касп.). Параўн. чэш. žmoliti, žmouliti, славац. žmoliť, славен. žmuljiti ’дэфарміраваць сціскваючы’, а таксама чмякаць, жмякаць і да т. п. Корань *žьm‑ (гл. жаць2) з суфіксамі ‑лʼ‑ і ‑ака‑ць.

Жмур ’бурбалка’ (КСТ). Укр. жму́ри мн. л. ’зыб, бурбалкі’. Даль фіксуе жмуркі ’вочы’, паколькі вочы могуць вызначацца рознымі назвамі круглых выпуклых прадметаў (вульг. шары, банькі; глаза < круглыя каменьчыкі), магчыма, і тут зварот: жмуры ’вочы’ (якія жмурацца) > ’бурбалкі’. Іншы ход: жмурыць > ’моршчыць’ — ’зыб’. Абодва тлумачэнні патрабуюць выяснення прамежкавых ступеней.

Жму́ра ’той, хто жмурыць вочы; каты’ (Нас.). Рус. смал., пск. жму́ра ’той, хто жмурыць вочы; нелюдзень’. Аддзеяслоўны бязафіксны наз. ад жмурыць.