Жда́нкі ’ўсё, падрыхтаванае да прыёму госця’ (Нас.), ’тое, чаго чакаюць’ (ТСБМ). Рус. дыял. пенз., урал., пецярб., кастр., сарат., арханг., калуж., перм. жданки ’тс’, укр. жда́нки ’тс’. Утворана, відаць, на ст.-рус. глебе з дзеепрыметніка прошл. ч. залеж. стану ад дзеяслова жьда‑ти — жьда‑н‑ з дапамогай суфікса назоўнікаў ‑ък‑: жьданък‑. Гл. ждаць.
Ждаць ’чакаць’ (ТСБМ, Нас.). Рус. ждать ’тс’, укр. ждати ’тс’, польск. дыял. żdać ’тс’, памор. ždac ’тс’, чэш. ždáti ’тс’, славац. уст. ždať ’тс’, балг. жда ’тс’, славен. ždéti ’тс’. Ст.-слав. жьдати. З прасл. *žьdati < і.-е. *gheidh‑ (Покарны, 1, 426–427); параўн. літ. geidžiu, geĩsti ’жадаць’, лат. gàidît ’чакаць’, ст.-прус. gēidi ’чакаюць’, с.-в.-ням. gīt, ням. Geiz ’жаднасць’. Фасмер, 2, 39; Траўтман, 82; Праабражэнскі, 1, 223; Махэк₂, 725; БЕР, 562, Брукнер, 663. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 279) указвае на роднаснасць кораня ждать < *gьdati з коранем год (годить ’чакаць’). Параўн. яшчэ жадаць.