Жу́ржа 1 ’дзіцячая цацка: косць з парасячай ці авечай нагі, у якой пракручваецца дзірка, у дзірку зацягваецца нітка. Нітку накручваюць і расцягваюць; расцягваючыся, нітка раскручваецца і прыводзіць у рух костачку. Костачка круціцца і вурчыць, «журжыць»’ (Бяльк.). Параўн. рус. раст. журже́лка ’дзіцячая цацка з косці’, ’бабка для гульні’. Параўн. жужу́лачкі ’цацкі з касцей’, жураўка ’калодка з дзіркай у прыладах’. Тлумачэнне рэаліі вядзе да сувязі з дзеясловам *журжаць (параўн. рус. варонеж., кур. журжать ’гусці’), але ці не народная гэта этымалогія, асабліва калі ўлічыць словы жураўка, жужулачкі? Ці няма тут адлюстравання і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ з пашырэннем ‑r‑ (Покарны, 1, 393–397)? Параўн. літ. gauras, лат. gauri ’валасы на целе’, літ. ’ільняное валакно’, с.-іран. gūaire ’кучары’, нарв. kaure ’тс’. Няясна. Гл. яшчэ жу́ржа 2.
Жу́ржа 2 ’распусніца’ (Бяльк.), ’непаседлівая жанчына’ (Юрч., Нар. вытв. сл.). Рус. валаг., перм., сарат. журжа ’распусніца, каханка’, без месца ’буркун’, калуж. журжавый ’бурклівы’. Значэнне ’непаседлівасці’, а таксама пашыранасць там жа, дзе журжа 1 ’цацка, што круціцца’, вядзе да сцвярджэння аб сувязі гэтых амонімаў паводле «паводзін». Аднак рус. значэнне ’бурклівы’ вядзе да магчымай сувязі з «гукавым» бокам цацкі, а пашырэнне на далёкіх рус. арэалах, дзе не зафіксавана адпаведная цацка, дазваляе нават меркаваць аб самастойным развіцці там слова журжа на базе дзеяслова тыпу журить з экспрэсіўным падваеннем зычнай: *журжить ’бурчаць’, а магчыма, і ’многа гаварыць’. Параўн. кубан. журба ’журлівы чалавек’. Калі ж журжа 2 — агульнае ўсх.-слав. слова, сувязь з журжа 1, відаць, другасная, а першаснае значэнне журжа 2, магчыма, ’каханка’ (’тая, пра якую журбота, клопат, туга’), адкуль ’распусніца’. Фіналь ‑жа можна разглядаць і як суфікс (параўн. любжа ’зёлкі для любві’, Гарэц.; Сцяцко, Афікс. наз., 79).