Лю́бжа, лю́бша ’замова на каханне’, ’нагаворнае зелле’ (Гарэц.), ’ятрышнік, зязюлька плямістая, Orchis maculala L.’ (Растарг.), ’чараўнік, Platanthera bifolia L. C. Rich’ (Кіс.). Укр. любжа ’ятрышнік’, рус. смал., арл., кур. любжа ’ятрышнік’, ’чараўнік’. Утворана ад любіць (Сцяцко, Афікс. наз., 79). Матывацыя (Махэк, Jména, 299): расліна мае два клубні, якія нагадваюць яйцы, таму існавала павер’е, што прырода нібыта сама ўказала на тое, што гэта расліна служыць для павышэння патэнцыі (параўн. чэш. vstavač, польск. storczyk), выклікаючы каханне. Іншыя назвы звязаны з зязюляй (параўн. бел. зязюлька, чэш. žežhulka, zezulka, kukačka), бо яна (паводле фальклорных песень) мае адносіны да кахання і плоднасці. Прасл. lʼubьža (Трубачоў, Эт. сл., 15, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)