Любі́ць, любі́ц, любі́ці, любэ́тэ, любы́ты ’адчуваць прыхільнасць да каго- або чаго-небудзь’, ’кахаць’, ’мець цягу, ахвоту, цікавасць да чаго-небудзь’, ’адчуваць задавальненне ад чаго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., ТС, Яруш., Сл. ПЗБ), любі́цца ’заляцацца, любіць, кахаць адзін аднаго’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Шат., Касп.; вілей., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’мець любоўныя адносіны’ (ТС). Укр. люби́ти(ся), рус. люби́ть, ст.-рус. любити; польск. lubić (się), палаб. lʼaibě ’любіць, кахае’, н.-луж. lubiś, libiś, lubiś so, в.-луж. lubić (so), чэш. líbiti (se), славац. ľubiť (sa); славен. ljúbiti, ljubiti se, серб.-харв. љу́бити (ce), макед. љубам, љубʼа, балг. любя, ст.-слав. любити (сѧ). Прасл. lʼubiti, утворанае ад прыметніка lʼubъ (Слаўскі, 4, 351–353; Фасмер, 2, 544; Скок, 2, 336–339) > лю́бы (гл.). Аднак Трубачоў (Этимология–74, 183) дапускае, што можна бачыць у фармальных адносінах прасл. lʼubъ — lʼubiti спадчыну і.-е. адносін *leubhos — *leubhei̯ō ’любімы — любіць, страсна жадаць’. Сюды ж любі́мы ’які выклікае пачуццё любві’, ’каханы’, любі́мец ’улюбёнец’, любі́мчык ’тс’ (ТСБМ). Гл. таксама любоў.