Жура́ўка 1 ’калодка з адтулінай (дзіркай) у верхнім камені жорнаў, у якую ўстаўляецца млён’ (Сл. паўн.-зах.; свісл., Шатал.), ’выемка ў ткацкім станку, куды закладаецца навой’ (петрык., Шатал.). Рус. пск. журавка, журавль ’рукаятка руля, румпель’. Магчыма, перанос назвы птушкі, вядомы для намінацыі прылад у рус. дыялектах: кур. жураве́ль ’дэталь прасніцы — драўляная дошчачка’, ленінгр. жура́в ’верацяно’. Тут, аднак, акцэнтуецца наяўнасць адтуліны, дзіркі, выемкі, што збліжае з назвамі самаробных цацак, зробленых з косці з дзіркай: жужулачкі, журжа 1, у той час як перанос назвы журавель хутчэй на доўгі, высокі прадмет. Можа, перанос паводле функцыі часткі прылады для калодзежа, але гэта менш верагодна. Няясна.
Жура́ўка 2 ’дзіцячая гульня’ (Бяльк.). Рус. смал. жура́вль ’абрадавая гульня для сустрэчы жураўлёў’, укр. жураве́ль ’від танца’, польск. дыял. żóraw ’гульня’ (Карловіч). У бел. для назвы гульні выкарыстоўваецца форма ж. р. назвы птушкі. Цікава, што і ў балтыйцаў назва жураўля выкарыстоўваецца як назва гульні (Мюленбах-Эндзелін, 1, 548; LKŽ, 3, 272), а ў балт. мовах назва птушкі ж. р.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)