Не́ба, не́бо ’нябёсы’ (Яруш., БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС, Ян.), ’паднябенне’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС, Ян.), ’скляпенне ў печы’ (Мат. Маг., Шушк., ТС, Ян., браг., петрык., Шатал.), ’верхняя частка ткацкага станка, на якую падвешваюць ніты і набіліцы’ (браг., Нар. сл.), укр. не́бо ’нябёсы’, рус. не́бо, нёбо ’нябёсы; верхняя частка скляпення ў печы; верх бярлогі’, польск. niebo ’нябёсы’, чэш. nebe ’тс’, славац. nebo ’тс’, в.-луж. njebjo ’тс’, н.-луж. njebjo ’нябёсы, паднябенне’, славен. nebȏ ’нябёсы; паднябенне; балдахін’, серб.-харв. не̏бо ’нябёсы; паднябенне; балдахін’, балг. небе́, не́бо ’нябёсы’, макед. небо, небе ’тс’, ст.-слав. небо, род. скл. небесе ’тс’. Прасл. *nebo адносілася да балта-слав. асноў на ‑es, роднаснае літ. debesis ’воблака’, лат. debess ’неба’ (з другасным d), ст.-інд. nábhas ’туман, пара, неба’, грэч. νέφος ’воблака’, лат. nebula, с.-в.-ням. nebul ’туман’, хец. nepiš ’неба’ (да і.-е. *nebh‑ ’імгла, воблака’), гл. Покарны, 315; Фасмер, 3, 53; Махэк₂, 392; Бязлай, 2, 217; Шустар-Шэўц, 13, 1007.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)