Жубрава́ць ’доўга старанна працаваць’, ’выпрошваць’ (Юрч.). Польск. żubrować ’ачышчаць збожжа ад восцей, прапускаючы яго праз спецыяльны апарат żubrównik’. Першае бел. значэнне магчыма тлумачыць як развіццё запазычанага польск., другое адлюстроўвае гукавую змену жабраваць (гл. жабра́к). Але і першае магло ўзнікнуць непасрэдна на бел. глебе ў выніку семантычнага развіцця паводле мадэлі ’выпрошваць’ > ’пакутаваць’ > ’цяжка працаваць’ (параўн. слав. trǫdъ ’хвароба’ > ’праца’). У сувязі з другім значэннем параўн. яшчэ серб.-харв. жу̏борити ’рабіць лёгкі шум’, балг. дыял. жуборя ’шумець’, макед. жубори ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)