Жу́жаль1 ’драпежны начны жук, Carabidae’ (ТСБМ). Рус. жу́желица, укр. жу́желиця, жу́жіль ’тс’, чэш. žižala, žižalice ’род чарвякоў з сям. Lumbricidae’, палаб. zauzălaića ’чарвяк’, славен. žúžel, žužę̂lica ’насякомае’, балг. жу̀жел, макед. жужел ’тс’. Ц.-слав. жоужєль ’тс’, ст.-рус. жужель ’тс’. З суф. *‑elь ад асновы *zu‑zg‑ (< *geu), відаць, гукапераймальнага характару, як і ў жук (гл.). Фасмер, 2, 63–64; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 297; Міклашыч, 412. Махэк₂ (729), відаць, справядліва лічыў, што першасна жужаль было зборным найменнем розных дробных стварэнняў — насякомых, чарвякоў і г. д., што тлумачыць выкарыстанне слова для абазначэння розных істот у розных слав. дыялектах (гл. жужалках).

Жу́жаль2 ’шлак; гразевая або гнаявая жыжка’ (ТСБМ), ’крохкая парода’ (глус., Янк. III), ’гразь, жабурынне, лёк’ (Сл. паўн.-зах.), жу́жаля ’бруд у вадзе’ (Яўс.). Рус. арл. жужель ’дробныя адходы ад бульбы’, укр. жу́жіль ’шлак’, польск. żużel ’тс’, чэш., славац. žúžol ’вугаль’, славен. žužel ’сасновая сажа’, балг. дыял. жу̀жел, жужель ’нешта чорнае, перагарэлае’. Па Брукнеру (668), як і жужаль1, ад гукапераймальнага і.-е. кораня *geu‑ паводле гуку, які выдае металічны шлак. Праабражэнскі (1, 236) указаў на сем. цяжкасць гэтага. Гараеў (111) супастаўляў з жгу, жечь, жижа ’агонь’, што спатыкаецца з фанетычнымі цяжкасцямі, якія далі Фасмеру (2, 64) падставу лічыць гэту прапанову непераканаўчай. Безлай (лекцыя ў БДУ 14 лістапада 1969 г.) выказваў думку пра сувязь жужаль ’шлак’ з *jьgъla (> іголка), абгрунтоўваючы семантычна колкасцю шлаку, а фанетычна пачатковым d‑ (*djugъla), паходжанне якога, аднак не тлумачылася. Калі прыняць версію Махэка₂ (729) пра першаснае значэнне жужаль1 ’сукупнасць дробных стварэнняў насякомых, мышэй, чарвей і да т. п’., можна зразумець і перанос назвы жужаль з дробных нячыстых істот на дробныя нячыстыя прадметы: шлак, жабурынне, бруд, гразь. Параўн. яшчэ жужалка1.

Жу́жаль3 ’расліна куколь, Agrostemma githagos’ (Сл. паўн.-зах.). Можа тлумачыцца як перанос ад жужаль1 ’шлак’ назву пустазелля, непатрэбнай травы. Іншыя назвы: тугаль, гугаль, куколь (гл.), зязюльчын лён (Кіс., 10). Першыя тры з іх указваюць на старажытную назву з вялікай варыянтнасцю зычных. Тады жужаль — варыянт старажытнай назвы (магчыма, праз *gougolь*geugelь > žuželь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)