Ду́рань ’дурань’. Укр. ду́рень ’тс’. Субстантываваная форма прыметніка *durьnъ ’дурны і г. д.’ (гл.). Трубачоў, Эт. сл., 5, 163.
Дурдо́ла ’дурыла, дурань’ (Нас.). Няясна. Нейкае кантамінаванае слова (першая частка да дур‑ ’дурны, дурань, дурыць’; параўн. адносна ўтварэння ў Насовіча таксама дуры́лда, дуры́нда ’дурань’).
Дурма́н ’дурман’ (БРС), ’расліна дурнап’ян’ (Бяльк.). Рус. дурма́н, укр. дурма́н ’тс’. Паводле Фасмера (1, 555), звязана з дур‑ (што ў словах рус. дурно́й, одуря́ть). Таксама Махэк₂ (135) мяркуе, што запазычанае з рус. мовы чэш. durman звязана з durný, таму што расліна вельмі ядавітая. Іншая версія (падрабязна аб гэтым Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 212–213, з аглядам літ-ры) выводзіць слова з цюрк. моў, а сувязь са слав. dur‑, durьnъ і г. д. лічыць народнай этымалогіяй.
Дурні́цы ’ягады буякі’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 2). Параўн. іншыя назвы гэтай расліны: п’яніца, галава‑боль (гл. Кіс.). Укр. дурниця (таксама болиголов, дурнопян, дурнина, пияки), у рус. мове пьяница (дурни́ца азначае розныя травы), у ням. Rauschheere. Ужо Насовіч пісаў: «ягода, имеющая одуряющее, наркотическое свойство». Назва ўтворана ад дурны́ (паводле ўласцівасцей расліны). Параўн. буякі́ ’тс’ (гл.).
Дурны́ ’дурны і да т. п.’ Рус. дурно́й, укр. дурни́й, чэш. durný, серб.-харв. ду̑ран ’запальчывы, злы’ і г. д. (агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 163). Утварэнне (прасл. *durьnъ) ад прасл. *durъ ’дзікі; наравістасць; шаленства; дурасць’, *durь ’дурасць; шаленства; галавакружэнне і г. д.’ (гл. Трубачоў, там жа, 162–163), якія звязаны, магчыма, са слав. *duxъ, *duti (Трубачоў, там жа, 162; іншыя версіі вельмі няпэўныя). Параўн. ду́рань, дуры́ць, дурэ́ць.
Ду́рстацца ’корпацца’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з літ. dùrstytis ’тс’ (так Сл. паўн.-зах.).
Ду́рстаць ’тузаць’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з літ. dùrstyti ’тыкаць, торкаць’ (гл. Сл. паўн.-зах.).
Дуры́ць ’дурыць’. Рус. дури́ть, укр. дури́ти, польск. durzyć ’дурыць’, серб.-харв. ду́рити се ’злавацца’ і г. д. (агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 161). Прасл. *duriti (sę) — каузатыўны дзеяслоў, звязаны з *dur‑ (гл. дурны́).
Дурэ́ць ’дурэць’. Рус. дуре́ть, укр. дурі́ти ’тс’, польск. durzeć ’упадаць у задуменнасць і да т. п.’, чэш. duřeti ’быць у збянтэжанасці, глядзець азадачана’, славен. duréti ’тупа, бяздумна глядзець’ (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 160–161, але без бел. матэрыялу). Прасл. *durěti звязана з прасл. *dur‑ (гл. дурны́).