Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дэба́ты ’дэбаты’ (БРС). Рус. де́баты, укр. деба́ти ’тс’. У рус. мове запазычанне з англ. мовы (англ. debate). Бел. і ўкр. словы, відаць, узяты непасрэдна з рус. Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 33. Дзеяслоў дэбатава́ць, укр. дебатува́ти < рус. дебати́ровать (< ням. debattieren; магчыма і франц. крыніца; Шанскі, там жа, 32).

Дэ́баць ’ісці, дыбаць’ (Сцяц., Бяльк.). Дыялектная форма (змена ы > э) дзеяслова ды́баць (гл.).

Дэбо́ш ’дэбош’ (БРС). Рус. дебо́ш, укр. дебо́ш. Для ўсх.-слав. моў крыніцай з’яўляецца рус. дебо́ш, запазычанае з франц. débauche (Фасмер, 1, 490; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 34–35). Бел. дэбашы́р, укр. дебоши́р < рус. дебоши́р (а гэта з франц. débaucheur).

Дэбю́т ’дэбют’ (БРС). Рус. дебю́т, укр. дебю́т. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца франц. début ’тс’ (ад дзеяслова débuter ’выступаць, пачынаць, рабіць першы крок’; адсюль і франц. débutant ’дэбютант’ > рус. дебюта́нт > бел. дэбюта́нт, укр. дебюта́нт). Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 35–36; Фасмер, 1, 490. Рус. дебюти́ровать, бел. дэбютава́ць, укр. дебютува́ти адлюстроўваюць франц. débuter, ням. debütieren (< франц.). Гл. Фасмер, 1, 491.

Дэві́з ’дэвіз’ (БРС). Рус. деви́з, укр. деві́з. Першакрыніцай з’яўляецца франц. devise ’тс’. Фасмер, 1, 492; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 37–38 (з падрабязнай гісторыяй слова).

Дэграда́цыя ’дэградацыя’ (БРС). Рус. деграда́ция, укр. деграда́ція. У сучасным значэнні слова ўжываецца з XX ст. Раней яно азначала ’паніжэнне ў пасадзе’ (параўн. ст.-бел. декградовати; гл. Булыка, Запазыч.: < польск. degradować < франц. dégrader). Непасрэднай крыніцай з’яўляецца польск. degradacja < лац. degradatio. Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 42–43.

Дэгуста́цыя ’дэгустацыя’ (БРС). Відаць, з рус. дегуста́ция ’тс’ (< франц. dégustation < déguster ’дэгуставаць’). Дэгуста́тар ’дэгустатар’ < рус. дегуста́тор ’тс’ (а гэта запазычанне ў канцы XIX ст. з франц. dégustateur). Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 43.

Дэ́ґель ’птушка з доўгімі нагамі’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., звязана з літ. dẽglas ’стракаты, пярэсты’, dẽglis ’той, хто плямісты’.

Дэду́кцыя ’дэдукцыя’ (БРС). Рус. деду́кция, укр. деду́кція. Здаецца, запазычанне з польск. dedukcja (< лац. deductio). Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 45.

Дэзерці́р ’дэзерцір’ (БРС). Рус. дезерти́р, укр. дезерти́р. Першакрыніцай з’яўляецца франц. déserteur, якое, магчыма, пры пасрэдніцтве ням. Deserteur было запазычана рус. мовай ужо ў XVII ст. Таксама з франц. déserter (пры пасрэдніцтве ням. desertieren) узяты бел. дэзерці́раваць, рус. дезерти́ровать, укр. дезерти́рувати.