Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

До ’назва ноты’ (БРС). Рус. до, укр. до. Запазычанне з італ. do (можа, праз франц. мову). Гэта сістэма нотнага запісу паходзіць ад італьянца Гвіда Арэцца (Guido Arezzo, XI ст.); спачатку нота do называлася ut (гл. Meyers Neues Lexikon, 2. Aufl., Bd. 12. Leipzig, 1975, с. 598a).

До́блесны ’доблесны’ (БРС), до́блесць ’доблесць’ (БРС). Запазычанне з рус. до́блестный ’тс’, до́блесть. У рус. мове до́блесть лічыцца запазычаннем са ст.-слав. доблесть ’тс’ (гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 145). У Фасмера (1, 520) рус. до́блесть разглядаецца як спрадвечнае слова, не запазычанне. Таксама Трубачоў (Эт. сл., 5, 40) разглядае гэтыя словы як працяг прасл. *doblʼestь. Вельмі няпэўна.

До́блесць ’доблесць’ (БРС). Гл. до́блесны.

Добраахво́тнасць. Гл. добраахво́тны.

Добраахво́тны ’добраахвотны’ (БРС). Звязана з рус. доброхо́т ’добразычлівец’, доброхо́тный. Хутчэй за ўсё запазычанне з ц.-слав. крыніцы. У рус. мове лічыцца ст.-рус. калькай грэч. εὔνους ’тс’ (гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 147). Трубачоў (Эт. сл., 5, 42) адносіць *dobroxъtъ, *dobroxotъ да ліку прасл. лексем. Няпэўна. Сюды адносіцца і добраахво́тнасць, якое або з’яўляецца калькай рус. доброво́льность або самастойным утварэннем ад добраахво́тны.

Добразычлі́васць. Гл. добразычлі́вы.

Добразычлі́вы ’добразычлівы’ (БРС), укр. добрози́чли́вий. Здаецца, запазычанне (дакладней, калька) з рус. доброжела́тельный, благожела́тельный (параўн. доброхо́т у Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 147). Сюды адносіцца добразычлі́васць, якое калькуе рус. доброжела́тельность, благожела́тельность.

Добранадзе́йнасць. Гл. добранадзе́йны.

Добранадзе́йны ’добранадзейны’ (БРС). Здаецца, што гэта калька рус. благонадежный ’тс’. Добранадзе́йнасць калькуе відавочна, рус. слова благонадежность.

Добранаме́рнасць. Гл. добранаме́рны.