Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Док ’док’ (БРС). Рус. док, укр. док ’тс’. Паводле Фасмера (1, 523), запазычанне з гал. dok або англ. dock у Пятроўскую эпоху. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 156) думае пра запазычанне толькі з гал. мовы. Гал. dok дакладвай этымалогіі не мае.

До́кер ’докер’ (БРС). Рус. до́кер, укр. до́кер. Паводле Шанскага (1. Д, Е, Ж, 157), запазычанне з англ. docker ’тс’ на пачатку XX ст.

До́ктар ’доктар’ (БРС). Слова гэта было ўжо ў ст.-бел. мове: докторъ ’доктар; настаўнік багаслоўя’ (тут яно лічыцца паланізмам: польск. doktor < лац. doctor; гл. Булыка, Запазыч.). Рус. до́ктор, укр. до́ктор. Польск. або ням. пасрэдніцтва пры запазычанні прымаецца і для рус. мовы (не выключаецца таксама і непасрэдна лац. крыніца; гл. Фасмер, 1, 523, Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 157–158). У лац. мове doctor — гэта ўтварэнне на ‑tor ад дзеяслова docere ’вучыць’.