Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

До́блесны ’доблесны’ (БРС), до́блесць ’доблесць’ (БРС). Запазычанне з рус. до́блестный ’тс’, до́блесть. У рус. мове до́блесть лічыцца запазычаннем са ст.-слав. доблесть ’тс’ (гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 145). У Фасмера (1, 520) рус. до́блесть разглядаецца як спрадвечнае слова, не запазычанне. Таксама Трубачоў (Эт. сл., 5, 40) разглядае гэтыя словы як працяг прасл. *doblʼestь. Вельмі няпэўна.

До́блесць ’доблесць’ (БРС). Гл. до́блесны.

Добраахво́тнасць. Гл. добраахво́тны.

Добраахво́тны ’добраахвотны’ (БРС). Звязана з рус. доброхо́т ’добразычлівец’, доброхо́тный. Хутчэй за ўсё запазычанне з ц.-слав. крыніцы. У рус. мове лічыцца ст.-рус. калькай грэч. εὔνους ’тс’ (гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 147). Трубачоў (Эт. сл., 5, 42) адносіць *dobroxъtъ, *dobroxotъ да ліку прасл. лексем. Няпэўна. Сюды адносіцца і добраахво́тнасць, якое або з’яўляецца калькай рус. доброво́льность або самастойным утварэннем ад добраахво́тны.

Добразычлі́васць. Гл. добразычлі́вы.

Добразычлі́вы ’добразычлівы’ (БРС), укр. добрози́чли́вий. Здаецца, запазычанне (дакладней, калька) з рус. доброжела́тельный, благожела́тельный (параўн. доброхо́т у Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 147). Сюды адносіцца добразычлі́васць, якое калькуе рус. доброжела́тельность, благожела́тельность.

Добранадзе́йнасць. Гл. добранадзе́йны.

Добранадзе́йны ’добранадзейны’ (БРС). Здаецца, што гэта калька рус. благонадежный ’тс’. Добранадзе́йнасць калькуе відавочна, рус. слова благонадежность.

Добранаме́рнасць. Гл. добранаме́рны.

Добранаме́рны ’добранамерны’ (БРС). Калька рус. благонаме́ренный ’тс’. Лексема добранаме́рнасць (БРС) з’яўляецца, як можна меркаваць, калькай рус. благонаме́ренность.