Дом ’дом’. Прасл. слова; параўн. рус. дом, укр. дім, польск. dom, чэш. dům, серб.-харв. до̑м, балг. домъ́т, ст.-слав. домъ. Прасл. *domъ. Роднасныя формы: ст.-інд. dámas ’дом’, авест. dam‑, грэч. δόμος, лац. domus. Звычайна звязваецца з грэч. δέμω ’будую’, гоц. timrjan ’будаваць’ і г. д. Супраць такой сувязі выступаюць некаторыя лінгвісты. Гл. Фасмер, 1, 526–527; Траўтман, 44; Бернекер, 1, 210; падрабязна, з матэрыялам і літ-рай Трубачоў, Эт. сл., 5, 72–73.
До́мна ’домна’ (БРС). Рус. до́мна, укр. до́мна. У рус. мове ўпершыню адзначаецца ў 1663 г. (у форме домня), а ў сучаснай форме — у творах Пятра I. У формах дъмьница, домница вядома ўжо ў XVI ст. Звязана з дзеясловам дъмѫ дѫти (паводле Шанскага, з дъмати) ’дзьмуць’.