Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

До́ўбня ’доўбня’, ’дурны, цурбан’ (БРС). Слова, вядомае ў многіх слав. мовах. Параўн. ст.-рус. Долбня (уласнае імя), рус. долбня́, укр. до́вбня, ст.-чэш. dlubna, чэш. dlubna, dlubně, балг. длъ́бня (з іншым значэннем ’штосьці выдзеўбанае, заглыбленне; дзёўбанне’), балг. дыял. длъбня́ ’драўляны молат’, славен. dȏlbnja ’даўбанне, выдзёўбванне’. Прасл. *dьlbьna (паводле Трубачова, Эт. сл., 5, 207). Цікава, што ў некаторых слав. мовах гэтага слова няма (напр., у польскай, славацкай, сербскахарвацкай), што сведчыць аб дыялектным яго характары ў праславянскі час. Лічыцца вытворным з суфіксам ‑ьna (‑ьnʼa) ад дзеяслова *dьlbti ’дзяўбаць’ (Трубачоў, там жа).

Доўг ’доўг’ (БРС). Рус. долг, укр. дыял. довг, ст.-рус. дългъ, длъгъ, дълъгъ, долгъ, чэш. dluh, славац. dlh, польск. dług, балг. дълг, дыял. длъг, серб.-харв. ду̑г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. *dъlgъ ’доўг’ (так у Трубачова, Эт. сл., 5, 179; у Фасмера, 1, 524, і іншых праформа *dьlgъ. Аргументацыя Трубачова: «Праформа слав. *dьlgъ, якую пры гэтым дапускалі, трэба сказаць, занадта блізка падводзіць нас да вядомага прыметніка ’доўгі’, каб гэту блізкасць ігнараваць»). Слова даволі цёмнае па этымалогіі. Лічылі роднасным з гоц. dulgs ’доўг’, ірл. dligid ’доўг’ (гл. Фасмер, 1, 524; Бернекер, 1, 224; Траўтман, 55 і наст.). Не вельмі абгрунтаванымі былі версіі аб запазычанні з герм. моў або кельцкіх. Лічыцца няпэўным і збліжэнне з прыметнікам ’доўгі’ (*dьlgъ), якое прапанавалі Праабражэнскі, 1, 188–189, і Брукнер, 90. Агляд версій гл. яшчэ ў Трубачова, 5, 180.

До́ўгі ’доўгі’ (БРС). Рус. до́лгий, укр. до́вгий, чэш. dlouhý, славац. dlhý, польск. długi, балг. дъ́л(ъ)г, серб.-харв. ду̏г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. форма *dьlgъ ’доўгі’. Праславянская лексема мае вельмі надзейныя адпаведнасці ў і.-е. мовах. Параўн. ст.-інд. dīrghás, авест. darəga‑, ст.-перс. darga‑, грэч. δολιχός, літ. ìlgas, хец. dalugaeš (мн. л.). Вельмі цікавай з’яўляецца дакладная адпаведнасць вытворнага прасл. *dьlgostь ’даўжыня’ і хец. dalugašti‑ ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 524–525; Бернекер, 1, 251–252; Траўтман, 55; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 5, 207–209 (з адпаведнай літ-рай).

До́ўжыць, до́ўжыцца, таксама даўжы́ць. Рус. должи́ть, укр. довжи́ти, чэш. dloužiti, серб.-харв. ду́жити і г д. Прасл. *dьlžiti ’тс’. Вытворнае ад прыметніка *dьlgъ ’доўгі’ (гл. до́ўгі). Агляд форм у слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 211. Цікава, што гэта прасл. слова не з’яўляецца агульнаславянскім і ў мінулым было, відаць, праславянскім дыялектызмам; яго няма, напр., у польск. мове.