Доўг ’доўг’ (БРС). Рус. долг, укр. дыял. довг, ст.-рус. дългъ, длъгъ, дълъгъ, долгъ, чэш. dluh, славац. dlh, польск. dług, балг. дълг, дыял. длъг, серб.-харв. ду̑г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. *dъlgъ ’доўг’ (так у Трубачова, Эт. сл., 5, 179; у Фасмера, 1, 524, і іншых праформа *dьlgъ. Аргументацыя Трубачова: «Праформа слав. *dьlgъ, якую пры гэтым дапускалі, трэба сказаць, занадта блізка падводзіць нас да вядомага прыметніка ’доўгі’, каб гэту блізкасць ігнараваць»). Слова даволі цёмнае па этымалогіі. Лічылі роднасным з гоц. dulgs ’доўг’, ірл. dligid ’доўг’ (гл. Фасмер, 1, 524; Бернекер, 1, 224; Траўтман, 55 і наст.). Не вельмі абгрунтаванымі былі версіі аб запазычанні з герм. моў або кельцкіх. Лічыцца няпэўным і збліжэнне з прыметнікам ’доўгі’ (*dьlgъ), якое прапанавалі Праабражэнскі, 1, 188–189, і Брукнер, 90. Агляд версій гл. яшчэ ў Трубачова, 5, 180.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)