До́ўгі ’доўгі’ (БРС). Рус. до́лгий, укр. до́вгий, чэш. dlouhý, славац. dlhý, польск. długi, балг. дъ́л(ъ)г, серб.-харв. ду̏г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. форма *dьlgъ ’доўгі’. Праславянская лексема мае вельмі надзейныя адпаведнасці ў і.-е. мовах. Параўн. ст.-інд. dīrghás, авест. darəga‑, ст.-перс. darga‑, грэч. δολιχός, літ. ìlgas, хец. dalugaeš (мн. л.). Вельмі цікавай з’яўляецца дакладная адпаведнасць вытворнага прасл. *dьlgostь ’даўжыня’ і хец. dalugašti‑ ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 524–525; Бернекер, 1, 251–252; Траўтман, 55; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 5, 207–209 (з адпаведнай літ-рай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)