До́ўбня ’доўбня’, ’дурны, цурбан’ (БРС). Слова, вядомае ў многіх слав. мовах. Параўн. ст.-рус. Долбня (уласнае імя), рус. долбня́, укр. до́вбня, ст.-чэш. dlubna, чэш. dlubna, dlubně, балг. длъ́бня (з іншым значэннем ’штосьці выдзеўбанае, заглыбленне; дзёўбанне’), балг. дыял. длъбня́ ’драўляны молат’, славен. dȏlbnja ’даўбанне, выдзёўбванне’. Прасл. *dьlbьna (паводле Трубачова, Эт. сл., 5, 207). Цікава, што ў некаторых слав. мовах гэтага слова няма (напр., у польскай, славацкай, сербскахарвацкай), што сведчыць аб дыялектным яго характары ў праславянскі час. Лічыцца вытворным з суфіксам ‑ьna (‑ьnʼa) ад дзеяслова *dьlbti ’дзяўбаць’ (Трубачоў, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)