Дэ́сань ’узор’ (БРС), дасэ́ні ’ўзор ткання ў выглядзе ромбаў’ (Шат.), дэ́сань (Сл. паўн.-зах.), дысэ́ні (Жд. 1). Ужо Шатэрнік (80) меркаваў, што гэта з польск. deseń (а гэта з франц. dessin; так аб польск. слове і Брукнер, 88). Параўн. і дэсянёвый ’узорысты’ (Шатал.).
Дэсе́рт ’дэсерт’ (БРС). Рус. десе́рт, укр. десе́рт. Першакрыніцай з’яўляецца франц. dessert ’тс’. Запазычанне або прама з франц. (так Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 83), або праз ням. Dessert (< франц.; так Фасмер, 1, 505, які дапускае і прамое запазычанне з франц.)
Дэ́спат ’дэспат’ (БРС). Рус. де́спот, укр. де́спот. У ст.-бел. мове (Булыка, Запазыч.) деспотъ — гэта ’валадар’, таксама і ст.-рус. слова мела значэнне ’пан, валадар і да т. п.’ Гэта прамое запазычанне з грэч. δεσπότης ’тс’. У значэнні ’дэспат, бязлітасны валадар, тыран’ запазычанне з ням. Despot або франц. despote (< грэч.). Гл. Фасмер, 1, 507; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 84–85.