П’я́ніца1 ’аматар выпіць, алкаголік’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.), пʼяні́ца (пьяни́ца) ’тс’ (Нас.); параўн. рус. пья́ница, польск. pijanica, серб.-харв. пѝјаница, балг. пия́ница, ст.-слав. пѩница, пьѣнница. Прасл. *pьjanica, *pijanica, вытворнае ад *pijanъ(jь) (БЕР, 5, 285), гл. п’яны.

П’я́ніца2 ’спарыння’: пʼя́ніца ў ячмені, у пшаніцы (віл., Сл. ПЗБ). Да п’я́ны (гл.), у тым ліку са значэннем ’адурманьваючы’, параўн. славен. pijan ’тс’; вырабы з мукі, змолатай са збожжа, заражонага спарыннёй, маюць ап’яняючы эфект, параўн. балг. пия́но жи́то ’спарыння’.

П’я́ніца3 ’расходнік, Sedum L.’ (Кіс.). Да п’яны (гл.); паводле Ластоўскага, расліну Sedum acre ’расходнік едкі’ “ужываюць з гарэлкай ад болі жывата” (Ласт., 799); параўн. фармальна блізкае балг. пияница ’расліна Lolium temulentum’, у аснове назвы прызнак ’адурманьваючы’, як і ў серб.-харв. пијана трава ’тс’, ням. Schwindelkorn ’тс’ і пад.

П’яні́ца ’сіло’: зрабіў пʼяні́цу і пыставіў на сініц (в.-дзв., Шатал.). Да пяць, пну ’распінаць, напінаць, нацягваць’; параўн. рус. дыял. пень ’вяроўка’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pьnь ’вяроўка’, параўн. лат. pīne, matu pīne ’каса (валасоў)’ (Мяркулава, Этим. иссл., 6, 16–17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)