Дар ’дар’. Прасл. слова. Параўн. рус. дар, укр. дар, польск. dar, чэш. dar, серб.-харв. да̑р, балг. дар, ст.-слав. даръ. Параўн. далей і. е. *dōro‑ ’дар’ (грэч. δῶρον ’дар’) < do‑ — ’даць’ (слав. *da‑ti: бел. даць, рус. дать, укр. дати, польск. dać, чэш. dáti, балг. дам, серб.-харв. да̏ти, ст.-слав. дати). Сюды адносяцца (< darъ) і дзеясловы дарава́ць, дары́ць, якія Трубачоў (Эт. сл., 4, 190–191) адносіць да прасл. фармацый (*darovati, *dariti), а не да ўтварэнняў у паасобных мовах. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 484; Бернекер, 1, 179; Слаўскі, 1, 138.
Дараві́зна ’падарунак’. У ст.-бел. мове даровізна ў значэнні ’падарунак, падаравальны запіс’ вядома з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. мовы (параўн. польск. darowizna, вытворнае ад дзеяслова darować). Аб запазычанні гл. у Кюнэ, Poln., 50.
Дарагі́ ’дарагі’. Рус. дорого́й, укр. дороги́й, польск. drogi, чэш. drahý, серб.-харв. дра̑г, балг. драг, ст.-слав. драгъ. Прасл. *dorgъ ’тс’. Лат. dā̀rgs ’дарагі’, з якім параўноўваюць слав. слова, магчыма, запазычана са слав. моў. Іншыя версіі таксама вельмі няпэўныя. Трубачоў (Эт. сл., 5, 77) думае пра слав. інавацыю (можа. сувязь з *dьržati). Агляд праблематыкі ў Трубачова, там жа. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 531.
Дара́дца ’дарадца’ (БРС). Запазычанне з польск. doradca ’тс’. Параўн. аналагічнае ўтварэнне ад рада ’парада’, радити ў ст.-бел. мове (гл. Булыка, Запазыч., 273).
Дарашава́ты ’брудна-карычневы, жаўтаваты (аб конях)’ (Шат.). Шатэрнік (79) выводзіць гэта слова з польск. deresz (гл. дэ́раш). Але хутчэй гэта запазычанне прама з польск. dereszowaty ’тс’. Аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 14; Брукнер, 87 (лічыцца запазычаннем з венг. мовы; параўн. венг. прыметнік deres ’тс’).
Да́рма́ ’дарма’ (БРС, Шат.). Рус. дармо́, дарма́, дармя́, укр. да́рма́, да́рмо, польск. darmo, чэш. darmo, славен. dármo ’тс’ і г. д. Прасл. *darьmo (утварэнне ад *dariti ’дарыць’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 192–193.
Даро́га ’дарога’. Прасл. слова. Параўн. рус. доро́га, укр. доро́га, польск. droga, чэш. dráha ’тс’, серб.-харв. дра̏га ’яр, лагчына’ і г. д. Праформа *dórga. Найбольш верагоднае тлумачэнне: *dorga‑, вытворнае ад *dьrgati ’рваць, вырываць, расчышчаць’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 75. Гл. далей Фасмер, 1, 530; Бернекер, 1, 212; Траўтман, 45; Слаўскі, 1, 167.
Дарэ́ктар ’дамашні настаўнік’ (БРС). З польск. dyrektor (< лац.) ’тс’. Параўн. ст.-бел. директоръ ’духоўны настаўнік’ (Булыка, Запазыч., 96).