Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дагаво́р ’дагавор’ (БРС). Рус. догово́р, укр. до́говір, славац. dohovor, балг. до́говор. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 152) лічыць гэту лексему ўласна рус.; у іншых мовах яна запазычана з рус. У рус. мове адзначаецца ўжо ў XVI ст.; утварэнне бязафікснага тыпу ад дзеяслова договори́ться.

Дагма́тык ’дагматык’ (БРС). Запазычанне з рус. мовы. Параўн. рус. догматик, якое Шанскі (1, Д, Е, Ж, 151) лічыць уласна рус. словам, якое ў сучасным значэнні адзначаецца ў слоўніках з 1891 г. (раней яно мела некалькі іншую семантыку: ’царкоўны пісьменнік, які тлумачыць дагматы веры’, ’від царкоўных песнапенняў’). Першакрыніцай рус. слова з’яўляецца грэч. δογματικός, якое ўжывалася як эпітэт вядомых багасловаў.