Даба́ ’час’ (Раст.), до́ба ’пара, суткі’ (Байк. і Некр.). Параўн. рус. дыял. до́ба́, укр. доба́, польск. doba, чэш. doba, славац. doba, балг. до́ба, макед. доба, серб.-харв. до̏ба (н. р.!), славен. dóba. Прасл. *doba ’тс’. Лічыцца роднасным з літ. dabà ’прырода, уласцівасць, характар’, dabar̃ ’цяпер’, лат. daba ’від, характар’, гоц. gadaban ’падыходзіць’ і г. д. (гл. Фасмер, 1, 520). Думаць, што ў гэтым слове калісьці была аснова на ‑r‑ (н. р.), дакладней, гетэраклітычная аснова на ‑r/n‑ (і.-е. *dhabhr̥/‑nos). Сюды адносіцца і слав. *dobrъ ’добры і г. д.’ Гл. яшчэ Траўтман, 42–43; Бернекер, 1, 203–204; Махэк₂, 121–122; Слаўскі, 1, 150. Булыка (Запазыч., 98) ставіць пытанне аб тым, што ст.-бел. доба ’час, пара’ запазычана з польск. мовы. Няясна, якая матывацыя ў яго меркаваннях. Фармальна няма ніякіх прыкмет запазычання, таму пытанне застаецца адкрытым.
Даба́вак, дакладней, у дабавак: «І так ні пайшоў, а тут у дабавак ішчэ сын захварэў» (Сцяц.). Відаць, запазычанне з рус. вдоба́вок ’тс’. Параўн. відавочныя русізмы ў зэльвенскіх гаворках (прыклады з слоўніка Сцяц.): пасьці́ ’амаль’ (< почти), панара́віць, дзе́йсцвіе.
Даба́віць ’дабавіць’. Рус. доба́вить, укр. доба́вити. Параўн. далей балг. доба́вя, доба́вям ’дабаўляць’, макед. добави, серб.-харв. до̀бавити ’дастаць, дабыць’, славен. dobáviti. Прасл. *dobaviti (*do‑baviti). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 39. Як відаць з агляду форм, гэтага слова няма ў зах.-слав. мовах, таму яго можна лічыць дыялектным праславянскім. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 144–145) ідзе яшчэ далей і лічыць доба́вить (а таксама ўкр. доба́вити і бел. даба́віць) уласна рус. словам (resp. усх.-слав.?).
Даба́д ’лебедзь’ (Касп.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) мяркуе, што, відаць, гэта старое слова з цёмнай формай і, магчыма, праславянскае (праславянскі дыялектызм бел. мовы). Форма яго не дае ўпэўненасці ў тым, што яно звязана з прасл. *elbedь, *olbǫdь ’лебедзь’ (магчыма, паводле Трубачова, там жа. тут назіраецца табуістычная змена слова). Нягледзячы на тое што слова яўна дэфармаванае, можна меркаваць, што тут, магчыма, адбыліся фанетычныя змены (асіміляцыя): даба́д < лаба́д, а гэта ўжо значна бліжэй да магчымых прасл. форм; параўн. чэш. labuť, дыял. labudek, славац. labuť, labuď, labuda, польск. łabędź, серб.-харв. лабуд, славен. labod (параўн. Махэк₂, 316). Калі бел. дыял. дабад сапраўды з ранейшага *лаба́д ’лебедзь’, то гэта можа быць каштоўным сведчаннем таго, што ўсх.-слав. гаворкі мелі змешаны характар, г. зн. што ў іх маглі сустракацца элементы зах.-слав., а нават і паўд.-слав. тыпу.
Дабі́тне ’пераканальна, ясна’ (Сцяшк.). Запазычанне з польск. dobitnie ’тс’ (параўн. і польск. прыметнік dobitny).
Дабрабы́т ’дабрабыт’ (БРС). Укр. добро́бут, польск. dobrobyt ’тс’. Магчыма, у бел. мове (таксама ўкр.) запазычанне з польск. мовы. Лексема гэта тэрытарыяльна абмежаваная і магчымасць запазычання вельмі верагодная.
Дабрадзе́й (у розных знач.). Укр. добро́дій, рус. дыял. доброде́й, чэш. dobroděj, славац. dobrodej, польск. dobrodziej, ст.-слав. добродѣи. Прасл. *dobrodějь складанае слова: *dobrъ і вытворнае ад дзеяслова *dějati. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 42 (дзіўна, што тут наогул не прыводзіцца бел. матэрыял, ня гледзячы на тое, што ён добра засведчаны ў слоўніках); Слаўскі, 1, 151. Усё ж такі ў некаторых значэннях гэтага слова, магчыма, выяўляецца польскі ўплыў на ўсх.-слав. мовы (дакладней, у пэўных выпадках трэба лічыцца з магчымымі прамымі запазычаннямі з польск. мовы). Так, у значэнні ’васпан’ укр. і бел. словы, бясспрэчна, запазычаны з польск. dobrodziej з такой жа семантыкай.
Дабраду́шны ’дабрадушны’ (БРС). Рус. доброду́шный, укр. доброду́шний. У рус. мове гэта словаўтваральная калька з грэч. εὔψυχος. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 146. Бел. і ўкр. словы, мабыць, з’яўляюцца запазычаннем з рус. мовы.
Дабра́нац ’добрай ночы’. Запазычанне з польск. dobranoc ’тс’. Гл. Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 10 (карта на с. 13). Параўн. дабра́нач, дабра́нец.
Дабра́нач ’добрай ночы’ (БРС, Нас., Касп.). Укр. добра́ніч. Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне з польск. dobranoc (аб запазычанні сведчыць, паводле Кюнэ, націск). Усх.-слав. словы па форме (‑ноч замест ‑ноц) былі адаптаваны да адпаведных сваіх лексем. Параўн. дабра́нец (гл.), дабра́нац (гл.).