Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дані́на ’даніна’ (БРС, Нас.). Гэта слова можна лічыць вытворным ад прасл. *danь ’тс’. Аднак і форма *danina, магчыма, таксама ўжо была прасл. (*danina: параўн. укр. дани́на, рус. дани́на, польск. danina, серб.-харв. да̀нина). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 187. Фармальна гэта ўтварэнне фармантам ‑n‑ ад da‑ ’даць, даваць’, але Трубачоў (там жа, 188) дапускае больш складаную гісторыю гэтага слова (магчыма, што тут гетэраклітычныя варыянты *dor‑; *don‑).

Дані́чка ’гаршчок для кветак, вазон’ (зэльв., Сцяц., Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. doniczka ’тс’ (а гэта ў польск. мове памяншальная форма да donica ’вазон; міска, гаршчок’ < dojnica ’гаршчок для малака’; аб польск. слове падрабязна гл. у Слаўскага, 1, 155–156). Параўн. ст.-бел.: дуница ’гаршчок’ (з XVI ст., Булыка, Запазыч., 103) < польск. dunica ’тс’ (а гэта, відаць, фанетычны варыянт да donica; параўн. Брукнер, 94).

Данясе́нне ’данясенне’ (БРС). Відавочнае запазычанне з рус. донесе́ние ’тс’.