Дапе́ра ’цяпер’, (Шатал.). Ужо ў ст.-бел. помніках доперо ’толькі, усяго’ (XVI ст.). Як і ўкр. допі́ро, допі́ру, запазычанне з польск. dopiero (аб якім Слаўскі, 1, 156). Гл. Булыка, Запазыч., 100; Слаўскі, там жа.
Дапля́гі ’шмат, многа’ (Сцяшк.). Мусіць, запазычанне з польск. do plagi ’тс’ (гл. пля́ґа) або можа быць самастойным утварэннем на беларускай глебе ад запазычанага з польск. мовы слова пля́га (пля́ґа). Лексемы такога тыпу вельмі лёгка запазычаюцца з адной мовы ў другую. Словы плякга, пляга, плакга, флякга ’няшчасце’ вядомы ўжо ў ст.-бел. мове (гл. Булыка, Запазыч.). У польск. мове гэта лацінізм (лац. plaga; аб гэтым гл. Брукнер, 416–417).
Дапну́ць ’дабрацца, дайсці, знайсці, дапасці’ (Сцяц.). Як здаецца, можна ставіць пытанне, ці не з’яўляецца гэта лексема запазычаннем з польск. мовы. Параўн. польск. dopiąć ’дабіцца, дайсці’, dopinać ’дабівацца, дасягаць’. Аб магчымасці запазычання сведчыць геаграфія пашырэння слова (зах. гаворкі бел. мовы), а таксама, як здаецца, не зусім звычайны для бел. мовы марфалагічны тып дзеяслова. Прамым запазычаннем з польск. з’яўляецца і бел. дапя́ць (БРС) ’дабіцца, дайсці, апынуцца’.