Алю́дзець ’вырасці, зрабіцца больш развітым’ (Шат.). Магчыма, з гоц. liudan ’расці’, бо ў славянскіх і балтыйскіх мовах і.-е. *leu̯dh‑ нібы не мае значэння ’рост, расці’, толькі ’людзі’. Параўн., аднак, серб.-харв. љӳда, љӳдина ’штосьці вялізнае, волат, гігант’ (бел.-серб. ізалекса?). Нарэшце, не выключана яшчэ адна версія алюдзець — зрабіцца людзьмі (у сэнсе ’зрабіцца дарослымі’) (Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 16–17).
Алю́каць ’зрабіць каго-небудзь маркотным’ (Нас.), алюканы частай лаянкай даведзены да маркотнага стану’ (Нас.). Параўн. рус. улюлюкать, заулюлюкать і літ. lelióti, alióti ’гнаць з крыкам’, лат. aluties ’паводзіць сябе па-вар’яцку, крычаць, шумець’. Сувязь анаматапаэтычных беларускіх і рускіх слоў з адпаведнымі літоўскімі і лацінскімі акрэсліць цяжка.
Алю́н ’галун’ (Нас., Касп., Гарэц.) < польск. ałun, hałun < ням. Alaun (alun). Гл. галун.