Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Авя́рнік ’аўчарня’ (ДАБМ) да *ovь (літ. avìs) > *ovʼar > ovʼar‑nikъ. Лінгвагеаграфія гэтага слова (раён, які мяжуе з паўночна-ўсходняй Літвой) гаворыць у карысць літоўскага ўплыву.

Авяру́шкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II) да вавярушкі ад вавёрка (параўн. назву грыба: лісічкі). Аднак больш верагодна, балтызм, тады з літ. voveruškà грыб Cantharellus’ (Чэкман, вусн. паведамл.). Параўн. вавярушкі, гаварушкі (гл.), літ. voveruškà ў сваю чаргу ад voverė̃, vėverìs ’вавёрка’. Назва вавёркі балта-славянская (Фрэнкель, 1233–1234), але назва грыба абмежавана вузкім арэалам, а яе суфіксацыя не адпавядае балтыйскай як спрадвечна роднасная (мы б чакалі ‑ъšьka: *авярошка, *вавярошка). Усё гэта сведчыць у карысць запазычання з літоўскай.

Авясе́ц ’каласоўнік Bromus L.’ (Інстр. II) < *ovьs‑ьcь? да авёс. Параўн. авясец ’памяншальна да авёс’ (Бяльк.).