Авяру́шкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II) да вавярушкі ад вавёрка (параўн. назву грыба: лісічкі). Аднак больш верагодна, балтызм, тады з літ. voveruškà грыб Cantharellus’ (Чэкман, вусн. паведамл.). Параўн. вавярушкі, гаварушкі (гл.), літ. voveruškà ў сваю чаргу ад voverė̃, vėverìs ’вавёрка’. Назва вавёркі балта-славянская (Фрэнкель, 1233–1234), але назва грыба абмежавана вузкім арэалам, а яе суфіксацыя не адпавядае балтыйскай як спрадвечна роднасная (мы б чакалі ‑ъšьka: *авярошка, *вавярошка). Усё гэта сведчыць у карысць запазычання з літоўскай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)