Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ма́цера ’маці’ (ДАБМ, к. 89; Пан. дыс.) — у выніку выраўноўвання з формамі ‑а‑асноў. Параўн. аналагічныя польск. maciora (гл. мацёра) і н.-луж. maśera ’матка ў жывёл’.

Маце́ра ’тканіна’ (глус., Мат. Маг.) — сапсаванае мацерыя, якое з рус. материя (гл. матэрыя).

Ма́церка ’маладая, няўмелая маці’, ’самка жывёл, птушак з патомствам’ (Юрч.), мацеркі́, ма́цяркі, мацярке́, ма́ціркі ’жанчыны-маці’, ’маці’ ў мн. л. (ТСБМ, Янк. 1, ТС; зэльв., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Утворана ад мацер(а) ’маці’ як мат‑к‑а. У іншых значэннях лексемы ма́церка, ма́цярка, мацяркі́, мацёрка ’бульба-насенніца’, ’каноплі з насеннем’ (ТС, Сцяц., Сцяшк., Шчарб.; беласт., маст., Сл. ПЗБ; іўеў., Сцяшк. Сл.; шчуч., Нар. лекс.; браг., Мат. Гом.) утвараюць бел.-польск. ізалексу, параўн. польск. maciorki, maciórki, macierki, maciorka ’тс’ (Кандрацюк, Бел.-польск. ізал., 53). Аднак лексема ма́тірка ’жаночыя каноплі’ існуе ў палтаўскіх і бойкаўскіх гаворках, матёрка — у пензенскіх і томскіх. Арашонкава (БЛ, 48) лічыць бел. лексемы запазычаннем з польск. мовы.

Ма́церны ’непрыстойны, лаянкавы, з ужываннем мата’ (ТСБМ). З рус. матерный, якое з мать ’маці’.

Ма́церня, ма́церына, мацеры́ца ’бэлька пад насцілам з дошак для стога, якая кладзецца на слупы’ (ТС). Палескае. Да ма́цер (гл.) у значэнні ’аснова чаго-небудзь’. Параўн. таксама ма́ціца.

Маце́рыя ’матэрыя, тканіна’ (Бяльк.). З рус. материя ’тс’.

Мацёнак ’хітрун’, ’шэльма’, ’дураслівец’ (Нас.). Да мот (Насовіч, 292), якое ў маг. гаворках мае значэнне ’падманшчык’ (Мат. Маг.).

Мацёнка ’бэлька пад насцілам з дошак для стога, якая кладзецца на слупкі’ (ТС). Палескае. Да ма́ці (гл.). Утворана пры дапамозе памяншальна-ласкальнага суфікса ‑ён‑к‑а, параўн. драг. ма́тёнка ’матуля, матухна’, рус. арханг., пск. ма́тенка, матёнка ’тс’.

Мацёра ’свіння, якая гадуе вывадак парасят’ (Сцяц., Сцяшк., Маш., Сл. ПЗБ, ТС; слуц., Нар. словатв.; мядз., Нар. сл.; навагр., Жыв. сл.; маз., З нар. сл.), ’старая бульбіна, выкапаная разам з маладой’ (Сцяшк., Сцяц., Сл. ПЗБ), ’гладкая мажная жанчына’ (ТС). З польск. maciora ’тс’. Гл. таксама ма́церка.

Мацёры ’вялікі, высокі, доўгі, вялізны’ (Нас.), ’сталы’, ’поўны сілы, моцны, здаровы’, ’вопытны, непапраўны, закаранелы’ (ТСБМ, Жд. 1), ст.-бел. матеръ (Булахаў, Гіст., 125–127). Укр. матерни́й, ма́терий ’чалавек у сталых гадах’, рус. матёрый, матерой ’тс’, польск. zamatorzały, zamotrzały ’зацвярдзелы’, ст.-чэш. matorný ’спелы’, ’строгі’, мар. mateřeti ’тлець’, ’трухлявець’, славен. matór, matér, motór, matóren ’стары’, серб.-харв. матор ’тс’, макед. матор ’трохгадовы баран’, балг. ма̏тор ’моцны, здаровы’, ’спелы, дарослы, сталы, стары’, ст.-слав. матерьство ’старасць, спарахнеласць’, прасл. matarъ, materъ (БЕР, 3, 686–687), matorъ ’дарослы, стары’ ў суадносінах з прасл. starъ ’стары’ семантычна пераразмеркавалася ў ’вялікі, моцны’. Мае іт. адпаведнік, параўн. лац. mātūrus ’спелы, дарослы, стары’, што дае магчымасць рэканструяваць іт. *mātoros ’тс’ у якасці крыніцы пранікнення для прасл. лексемы (Мартынаў, Язык, 84–85). Бязлай (2, 172) адносіць яе да і.-е. кораня *mē‑/*mō‑ ’вялікі’ (гл. Покарны, 704) і суфікса *tor‑, прыводзячы роднасныя ст.-ірл. mōr, уэл. mawr, брэт. meur ’вялікі’. Менш верагодныя іншыя версіі (гл. Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 581; Скок, 2, 390; Махэк₂, 355; БЕР, 3, 687).

Мацёха, мацю́ха, цёха‑мацёха, цю́ха‑мацю́ха ’недалёкі чалавек, які ні ў чым не разбіраецца’ (міёр., З нар. сл.). Уграфінізм. Параўн. рус. вяц., арэнб. мася, маська ’авечка’, ’падзыўное слова для авечак’, мася‑мася, мась‑мась ’тс’, якія з удм. mes ’ягнё’, комі mež ’авечка’ < новаперс. meš, авест. maēša (Фасмер, 2, 579). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 121.