Прылёп іран. ’прымак’ (Мат. Гом.), прылёпісты ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі; назойлівы’ (рагач., Сл. ПЗБ, ЛА, 3). Прыставачна-бяссуфікснае ўтварэнне ад прыляпі́цца ’прычапіцца, прыліпнуць’, гл. ляпі́ць, лі́пнуць, што ўзыходзяць да кораня *lьp‑, lĕp‑, *lip‑. Паводле Варбат (SlW, 153), дзеясловы гэтага гнязда шырока вядомы ў славянскіх мовах са значэннем ’прылучыцца да каго- ці чаго-небудзь; навязацца, аддацца’, параўн. аддзеяслоўныя ўтварэнні: рус. приле́па ’нешта прылепленае’, польск. przylepa ’акраец’, серб.-харв. прилеп ’зараза’, балг. при́леп ’кажан’ (адносна апошняга слова гл. БЕР, 5, 717–718). Велчава (Бълг. реч, I, 4, 17) прыводзіць рэдкія ст.-балг. прилѣпъ ’савакупленне, coitus’, прилѣпенъ ’які мае інтымныя сувязі’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *prilěpъ ’каханак’.
Прылі́к, прылі́ка ў выразе: для (дзеля) прыліку (прылікі) ’для выгляду, для стварэння патрэбнага ўражання; дзеля прыстойнасці’ (Мядзв., ТСБМ, ТС). Узыходзіць да прасл. *prilikъ, *prilika < *prilikovati (параўн. ц.-слав. приликовати ’быць падобным’, серб.-харв. (ис)приликовати, славен. prilikovati), якое ад *likъ (БЕР, 5, 718). Параўн. рус. дыял. прили́к ’прыстойнасць, прыстойны выгляд’, ’пашана, павага’, ст.-рус. прилика ’прыклад’ (Сразн.), славен. prilika ’выпадак’, серб.-харв. прилика ’зручны выпадак; спрыяльныя абставіны’, балг. прилѝка ’суадноснасць з умовамі; памяркоўнасць ва ўчынках; зручны выпадак’, ’падобнасць’, прѝлика ’прыстойнасць, падобнасць’, ’выпадак, магчымасць’. Гл. таксама лі́к 2.
Прылі́стак, прылісьцік ’лістападобны парастак, які знаходзіцца ў аснове ліста некаторых раслін’ (Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ). Лексікалізацыя словазлучэння пры лісце; параўн. аналагічнае ўкр. при́листок ’тс’.
Прылі́ць ’заліць’, прыліва́ць ’настойваць (настойку)’; таксама аддзеяслоўны назоўнік прылі́ўка (прылі́вачка) ’падліўка’ (Ян.). Да ліць (гл. лі́цца) з развіццём і пашырэннем семантыкі; ст.-рус. приливати, рус. прилива́ти, укр. прилива́ти ’заліваць; паліваць; даліваць’.
Прылі́чны ’прыстойны; дзябёлы, мажны’ (Ян.); відаць, сюды ж семантычна (да 1‑га знач.) і арэальна блізкае прылі́цы ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (рэч., ЛА, 3) з рэгулярным чаргаваннем канцавога зычнага асновы. Узыходзіць да прасл. *priličьnъjь прэфіксальнае ўтварэнне ад *ličьnъjь, гл. таксама лі́чны 2. Укр. прили́чний ’адпаведны, слушны, дарэчны’, рус. прили́чный ’які падыходзіць, прыстойны’, ст.-рус. приличьныи ’падобны’, ц.-слав. приличьнъ ’тс’, чэш. priličný ’адпаведны’, славен. príličen ’які падыходзіць, значны, вялікі’, серб.-харв. прѝличан ’дастатковы, значны; прыстойны’, балг. прили́чен ’падобны’. Гл. Фасмер, 3, 364.
Прыло́ж (прыло́ш) ’абложная зямля’ (іван., ДАБМ). Фанематычны карэлят з рэгулярным чаргаваннем зычнага асновы (магчыма, пад уплывам абло́жны) да незафіксаванага *прыло́г, якое працягвае прасл. *prilogъ < *priložiti < *ložiti, гл. таксама лажы́ць. Рус. дыял. прило́га ’прырэзаны зямельны ўчастак’, стараж.-рус. прило́гъ ’дадатак’ (Сразн., XI ст.), польск. przylóg, przyłóg, przełóg ’цаліна’, славен. prilog, priloga, серб.-харв. прилог, балг. прилог ’дадатак, дабаўка’, ст.-слав. прилогъ ’прыбаўка, прыбаўленне, дадатак’. Гл. таксама Скок, 2, 282; БЕР, 5, 719. Звяртае на сябе ўвагу семантычнае супадзенне з рум. pêrlóg ’аблог’, запазычанае ў сваю чаргу з балг. прелог ’тс’ (БЕР, 6, 94).
Прыло́нне, прыло́нак ’лона; калені; месца (для дзяцей) на каленях’ (Нас., Байк. і Некр.); таксама сюды ж прыло́нне ’аб’ём, абхват рукамі; мера пры куплі-продажы’ (Нас., Інстр. 3). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад ло́на ’грудзі; чэрава; калені; ахапак, бярэмя’ (гл.) < прасл. *lono, якое ўжо мела як гэтыя, так і семантычна блізкія значэнні (ЭССЯ, 16, 32–35).
Прыло́ўчыць ’прыстасаваць’, прыло́ўчаныя ’прыстасаваныя’ (мядз., Жд. 3). Ад ло́ўкі ’спрытны, умелы, добры, якасны’ (гл.), якое працягвае прасл. *lovъkъ(jь).
Прылу́дзіць ’адбяліць (напрыклад, палатно)’ (паст., Сл. ПЗБ). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад луг 3 ’шчолак з попелу, залітага варам’ (гл.) з чаргаваннем у фіналі асновы, магчыма, пад уплывам лудзіць ’пакрываць палудай’.
Прылуне́ць ’здурнець’, прылуне́лы, прылуне́ўшы ’не зусім разумны; псіхічна хворы’ (валож., брасл., барыс., глыб., Сл. ПЗБ; ЛА, 3). Да лунь 3 (гл.).