Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Пры — прыназоўнік (з М. скл.) і прэфікс, параўн. ст.-слав. при, ст.-рус., ст.-бел. при, укр. при, рус. при, польск. przy, каш. přë (памор. přå̃/přä), палаб. prai‑ (прэфікс.), в.-луж. při, н.-луж. pśi (дыял. pśa), чэш. při, славац. pri, славен. pri, серб.-харв., макед., балг. при. Асноўныя значэнні, якія развіліся на зыходнай праславянскай семантычнай базе: прасторавае з указаннем на цесную блізкасць; указанне на адносіны падпарадкавальнасці, падобнасці, аднесенасці да чаго-небудзь; на наяўнасць чаго-небудзь у каго-небудзь; на час, абставіны, становішча. Найбліжэйшымі паралелямі да прасл. *pri лічацца літ. priẽ ’пры, каля, да’ (жамойц. pry, таксама з нарашчэннем ‑gi: príegi/priẽg) з Р. скл., ст.-прус. prei ’да, пры’ з Д. скл. (Фрэнкель, 652–653; Траўтман, 230; пра праблематыку ст.-літ. постпазіцыйнага ‑pi, які ідэнтыфікуецца з лат. прыназ. píe, прасл. і літ. прыназ. з ‑r‑ гл. Ваян, RÉS, 33, 109). Больш далёкія і.-е. адпаведнікі: ст.-лац. prī, грэч. πάραι ’пры’, ст.-інд. parḗ, таксама хец. pa‑ra‑a = parā ’ўперад, з (адкуль-небудзь)’. Аб іранскім інгрэдыенце ў семантыцы *pri (= *kъ, суадносным з сагдз. kw ’к’) гл. Мартынаў (Язык, 50–51). У якасці прэфікса, які працягвае прасл. *pri‑, утварае перш за ўсё дзеясловы са значэннямі: давядзення дзеяння да канчатковай мэты (прыйсці́, прыхілі́цца); дабаўлення, збліжэння, замацавання чаго-небудзь з чым-небудзь (прыдрукава́ць, прышы́ць); накіравання дзеяння да сябе, выканання дзеяння ў сваіх інтарэсах (прыва́біць, прысво́іць); накіравання дзеяння на прадмет зверху ўніз (прымя́ць, прыці́снуць); паўнаты, вычарпанасці дзеяння (прывучы́ць, прыахво́ціць); непаўнаты, слабой меры дзеяння (прыспа́ць, прыадчыні́ць); суправаджальнасці дзеяння (у дзеясловах на ‑(оў)ва: прыгаво́рваць, прытанцо́ўваць). Утварае назоўнікі і прыметнікі са значэннямі: непасрэднага прымыкання да чаго-небудзь (прыла́знік, прыбра́мнік); дадатковасці (прыпло́д, прыпёк). Большая частка гэтых значэнняў мае агульнаславянскі характар. Гл. таксама Фасмер, 3, 362; Скок, 3, 39; Махэк₂, 492; ESSJ, 2, 210–216 (з падрабязным аглядам літ-ры і версій); БЕР, 5, 690.

Прыабрэ́ць ’набыць’ (віл., Сл. ПЗБ). Пры адсутнасці бяспрэфікснай формы хутчэй за ўсё запазычана з рус. приобрести ’тс’, параўн. іркуц. приобрекчи́ ’тс’; аднак наяўнасць старой карпата-палескай ізалексы, укр. приобрі́ти ’прыдбаць’ — прыобры́ты ’тс’ (Клімчук, Бел.-укр. ізал., 35) сведчыць пра зыходную ц.-слав. форму обрѣсти ’знайсці’, роднасную сустрэць, стрэчанне (гл.).

Прыаса́міцца ’прыняць самавіты выгляд; адчуць уласную сілу; выпрастацца; фарсіста прыбрацца’ (Нас.). Да зафіксаванага там жа аса́міцца (гл.), аса́місты — народнаэтымалагічнага пераасэнсавання (пад уплывам сам) слова аса́ністы. Параўн. аналагічнае рус. дыял. приоса́миться ’падбадзёрыцца, прыняць паважны выгляд’.

Прыасётак ’прыбудоўка пры восеці, ёўні; заканурак у гумне, паміж ёўняй і сцяной, у які сыплюць колас, мякіну’ (Некр., Янк.). Да асе́ць, во́сець (гл.). Параўн. засётак (гл.).

Прыато́снік ’жалезная пласцінка на аглоблі, за якую чапляюць атосы’ (смарг., Шатал.), прыто́сак ’канец атосы ў выглядзе кальца’ (міёр., ЖНС), пры́тасьнік ’драўляны або жалезны падцяжак, які надзяецца на вось і за які прымацоўваецца атоса’ (в.-дзв., Шатал.). Да ато́са (гл.). Зафіксаваныя ў рускіх гаворках Літвы і Латвіі арэальна блізкія при́тоска, при́тосник ’металічная дэталь, якая злучае атосу з канцом пярэдняй восі драбін’ — з суседніх беларускіх гаворак.

Прыбабо́ны ’забабоны, прымхі’ (Касп.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *бабо́ны з той самай семантыкай, адкуль і значна больш распаўсюджанае забабо́ны (гл.); параўн. укр. бабо́ни (падрабязна гл. ЕСУМ, 1, 106), каш. babonë, якія да прасл. *bobonъ (SP, 1, 288). Сюды ж прыбабунькі ’показкі’ ў Р. Барадуліна, вытворнае прыбабу́нькаваць ’прыгаворваць, рабіць невыразныя заўвагі’ (міёр., Жыв. НС), рус. дыял. прибабу́ни ’пустаслоўе, плёткі’. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 214; SEK, 1, 81.

Прыбагну́цца ’ўздумацца’: пе́вень, як колі́ ему́ прыбагне́цца, покрычы́ць, кукарэ́куе (ПСл). Належыць да агульнага ўсходнепалескага лексічнага фонду, параўн. укр. приба́гти́, прибагну́ты, прибага́ти ’мець, займець моцнае жаданне’ — прэфіксальнае ўтварэнне ад багти́ < прасл. *bažěti, *bažati < *bagēti (падрабязна гл. ЭССЯ, 1, 172–173; ЕСУМ, 1, 111). Гл. бажаць.

Прыбало́туха, пры́боло́туха, пры́балатка ’грыб каўпак кольчаты’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ, ГЧ; ТС), пры́балотуха, пры́болотка, пры́болоцянка ’сыраежка з вострай шапачкай’ (Псл.), прыбало́тка ’ядомы грыб, які расце каля балота’ (Жд.). Да бало́та (гл.), паводле характэрнага біятопа — імшыстыя хваёвыя лясы пры балотах. Параўн. укр. палес. прибо́лотуха, при́болотка ’грыб Tricholoma Russula’ (Лысенка, СПГ), прэ́булутуха ’сыраежка шэрая’ (Бел.-укр. ізал., 62).

Прыбамба́хі мн. л. экспр. ’прычындалы, прыстасаванні’: гармонік з прыбамбахамі (ЛіМ, 1998, 31 ліпеня), прыбамба́сы ’дадатковыя элементы, дэталі’ (Наша Ніва, 1997, 24 сакав.). Відаць, на базе гукаперайманняў бам!, бах!, гл. бахаць.

Прыбарышы́цца ’прысуседзіцца’ (ТС). Да незафіксаванага *бары́шы́цца, якое ад бары́ш (гл.). Да семантычнага развіцця параўн. крым.-тат. baryš ’мір, прымірэнне’.