Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Про́ба ’ўзор’, ’невялікая частка чаго-небудзь, узятая для праверкі; вызначэнне якасці’, ’выпрабаванне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), проб ’тс’ (Ян.), сюды ж про́боваць ’каштаваць’ (ТС). Запазычанне з польск. próba ’праверка, выпрабаванне’ (Карскі, Белорусы, 156; Брукнер, 437; Кюнэ, Poln., 89), таксама як і рус., укр. про́ба (Фасмер, 3, 370). Крыніца слова ў с.-лац. proba ’проба’ ад probāre ’правяраць, выпрабоўваць’, якое трапіла ў польскую мову праз ням. Probe (гл. Брукнер, там жа; Банькоўскі, 2, 797). Адносна формы м. р. проб параўн. рус. пороховой проб (1705 г.). Ст.-бел. проба ’катаванне, мука’ з польскай (Булыка, Запазыч., 264).

*Про́бажыць, про́божыты ’галасіць, стагнаць’ (Клім.). Да бог; гл. бажыцца.

Про́башч ’ксёндз, які стаіць на чале парафіі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), про́баш ’тс’ (Сл. ПЗБ), про́баршч ’плябан (у касцёле)’ (ашм., Стан.). Запазычанне з польск. proboszcz ’тс’. Ужо ст.-бел. пробощь (проборщъ) ’прыхадскі ксёндз’ (1474) < ст.-польск. proboszcz, якое праз ст.-чэш. probošt узыходзіць да ст.-в.-ням. probōst (Булыка, Лекс. запазыч., 174) і, далей, да лац. prōpositus ’які прадстаўлены’ < proponere ’прадстаўляць’ (гл. Голуб-Ліер, 394). Таго ж паходжання і ст.-рус. пробощь, пребощь (з XIII ст.) ’прэлат каталіцкай саборнай капітулы, ігумен’, ’ксёндз’. Гл. яшчэ Міклашыч, 264; Брукнер, 457; Голуб-Копечны, 294; Фасмер, 3, 371; Банькоўскі, 2, 777–778.

Про́вад1 ’правадыр, камандзір’ (Шн.). Нулявы дэрыват ад право́дзіць; параўн. і ўкр. провідні́к ’праваднік, кіраўнік’, польск. przewodnik ’тс’, przewód ’важак’ (рыбаводны тэрмін).

Про́вад2 ’дрот для перадачы электрычнага току’ (ТСБМ). Запазычанне або калька рус. про́вод у тым жа значэнні.

Про́вад3, про́вады, про́воды ’пахаванне, хаўтуры’ (Нас., Касп.; лях., Сл. ПЗБ; ТС), ’радаўніца’ (Сцяшк. Сл.). Укр. про́від ’пахавальная працэсія’, рус. про́воды сярод іншых значэнняў ’пахаванне, хаўтуры; радаўніца’, чэш. provod ’другая нядзеля пасля Пасхі’. Этымалогія ідэнтычная провад1; больш падрабязна гл. право́дная нядзеля.

Про́валь, про́вэль ’прорва, бездань’ (Нас., Нікан.). Рус. прова́ль ’тс’. Дэрыват ад правалі́ць(ца) з суф. ‑ь. Гл. яшчэ права́лле.

Про́вар ’вінакурня, бровар’ (Нас., Др.-Падб.; брасл., Рам., 8; Грыг., Мік., Янк. 2, Сл. ПЗБ), про́раў (Сл. ПЗБ). З бровар (гл.) пад уплывам правары́ць. Сюды ж права́рня ’вінакурня’ (Нас.).

Про́весна ў выразе на про́весні ’на прадвесні’ (ТС). З про- і вясна або з праве́сне (гл.), дзе канчатак М. скл. быў заменены на канчатак Н. скл. па аналогіі з наз. ж. р. на ‑а.

Про́вісь ’рыбалоўная сетка’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Да правісаць (гл. вісець).

Про́га ’праход у агароджы’, ’жэрдка, якой закрывалі што-небудзь’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’палонка, прабітая ў лёдзе для лову рыбы’ (міёр., Жыв. НС). Аўтары слоўніка (Сл. ПЗБ, 4, 109) выводзяць з польск. proga ’перакладзіна’. Грынавяцкене (там жа) параўноўвае з літ. próga ’праход у агароджы’. Гл. прага2; пра варыянтнасць прага/прога гл. Крывіч, 8, 107.

Про́даж ’прадаванне, гандаль’ (ТСБМ, Шат.). Укр. про́даж ’тс’. Гл. прадажа. Іншы націск і суфіксацыя, відаць, пад уплывам польск. sprzedaż ’продаж’. Форма прада́ж (паст., Сл. ПЗБ) кантамінуе прадажа і продаж.