Вясна́ ’пара года паміж зімою і летам’; ’светлая, радасная пара жыцця — маладосць’ (БРС, КТС, Бяльк., Касп.), палес. высна́ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), вэсна́ (Бес.), пін. вестна (Шн., 2) з устаўным ‑т‑, вісна́ (Бяльк., Касп.), вісна ў вочы лезя — «гавораць тады, калі пабыць доўга на двары пры снезе і сонцы, а пасля прыйсці ў хату і нічога адразу не бачыць» (КЭС, лаг.), вясна вочы крадзе — пра вясенняе сонца, якое слепіць вочы (віл., Нар. сл.). Укр. весна́, рус. весна́ ’вясна’, арханг., кастр. ’вясенняе разводдзе’, паўн. ’першы вясенні дождж’, с.-урал. ’вяснушкі, рабацінне на твары’, перм. ’ліхаманка, трасца’, свярдл. ’трава, якою лечаць ліхаманку’, польск. wiosna ’вясна’; ’вясеннія палявыя работы’; ’галодная пара перад новым ураджаем’, чэш. усх.-мар. vesno ’вясна’, odvesno ’вясною’, vesna (паэт.) запазычана з рус. мовы, тое ж славац. vesna, Vesna ’багіня вясны ў старажытных славян’, славен. vẹ̑sna ’вясна’; ’міфічная жаночая істота, якая стракоча, бухае, трашчыць’; ’пра чалавека, які моцна кашляе’, серб.-харв. вѐсна ’вясна’, ст.-слав. весна. Прасл. vesna ’пачатак лета’ — старажытная і.-е. рознаскланяльная аснова на ‑r‑//‑n‑: наз. скл. *u̯esr‑, род. скл. u̯es‑n‑es; у слав. мовах за аснову прыняты ўскосны склон. у балт. мовах — прамы: літ. vãsara < veserà (Экерт, LKLR, 143–154), лат. vasara ’лета’; параўн. таксама грэч. ἔαρ, лац. vēr, ст.-ісл. vár, ст.-фрыз. wars, арм. garun, ст.-інд. vasantás ’вясна’, vasar‑ ’рана’, авест. vaηri‑ ’вясною’. Узыходзіць да і.-е. кораня *au̯es ’асвятляць’. Некаторыя этымолагі звязваюць з лексемай вясёлы (гл.). Параўн. таксама Міклашыч, 386; Гараеў, 1896, 75; Праабражэнскі, 1, 79; Педарсан, KZ, 32, 246; Траўтман, 356; Буасак, 209; Майргофер, 20, 172; Мюленбах-Эндзелін, 3, 484; Голуб-Копечны, 413; Махэк₂, 685; Брукнер, 623; Фасмер, 1, 303; Шанскі, 1, В, 73; КЭСРЯ, 77.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)