Прылёп іран. ’прымак’ (Мат. Гом.), прылёпісты ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі; назойлівы’ (рагач., Сл. ПЗБ, ЛА, 3). Прыставачна-бяссуфікснае ўтварэнне ад прыляпі́цца ’прычапіцца, прыліпнуць’, гл. ляпі́ць, лі́пнуць, што ўзыходзяць да кораня *lьp‑, lĕp‑, *lip‑. Паводле Варбат (SlW, 153), дзеясловы гэтага гнязда шырока вядомы ў славянскіх мовах са значэннем ’прылучыцца да каго- ці чаго-небудзь; навязацца, аддацца’, параўн. аддзеяслоўныя ўтварэнні: рус. приле́па ’нешта прылепленае’, польск. przylepa ’акраец’, серб.-харв. прилеп ’зараза’, балг. при́леп ’кажан’ (адносна апошняга слова гл. БЕР, 5, 717–718). Велчава (Бълг. реч, I, 4, 17) прыводзіць рэдкія ст.-балг. прилѣпъ ’савакупленне, coitus’, прилѣпенъ ’які мае інтымныя сувязі’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *prilěpъ ’каханак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)