Лу́дзіць1 ’кпіць, жартаваць, смяяцца’ (віл., Нас.), ’маніць’ (мядз., Нар. словатв.), ’марнатравіць час’ (Шат.), ’трызніць’ (Касп.), мін. ’сварыцца’ (Сл. ПЗБ). Укр. луди́ти ’прывабліваць, спакушаць’, гуц., бойк. ’заманьваць (птушак, свойскую жывёлу’, зах. ’выбіць, ашукваць, зводзіць’; рус. лу́дить, луди́ть ’падманваць’, ’красці (у садзе, агародзе)’, ’сварыць, ганіць каго-небудзь’, ’піць’, ’біць’; польск. łudzić ’прывабліваючы, уводзіць у зман’, ’зводзіць’ і шматлікія прэфіксальныя ўтварэнні з гэтым дзеясловам; чэш. louditi ’вымантачваць, зводзіць’, ’хвалячы, спакушаць’, ст.-чэш. lúditi ’падманваць’, ’прыцягваць’, славац. lúdiť ’зводзіць, баламуціць, прывабліваць’, ’настойліва прасіць’; славен. lúditi ’намагацца ўвесці ў зман, спакусіць’, ’праводзіць час’, ’над нечым забаўляцца’, lǫ́diti ’ашукваць’, ’зводзіць’, ’прывабліваць’, loditi se ’займацца чым-небудзь, забаўляцца’, ст.-слав. лоудити ’ашукваць, зводзіць’. Прасл. luditi ’прывабліваючы, падманваць’, ’зводзіць у зман’, ’спакушаць’, ’прывабліваць’ (Слаўскі, 5, 291–296). І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. laustineiti ’прыніжайце’ (< *laustas ’пакорлівы’), літ. liũsti ’засмучацца’, liū́dnas ’смутны, журботны’, liūdė́ti ’быць смутным’, ’перажываць’, першапачаткова ’быць схіленым’ > ’згінацца пад цяжарам мітрэнг і клопатаў’, лац. lūdere ’маніць’, гоц. luits ’фальшывы’, liūta ’крывадушнік’, luton ’зводзіць, ашукваць’, ст.-ісл. lutr пахілены, нагнуты’, lot ’ашуканства’, уэл. lluded ’стомлены’ < і.-е. *leud‑ ’нахіляцца’ > ’схіляцца перад кім-небудзь’, ’прыніжацца’ > ’быць крывадушным, ашукваць’. Значэнне ’трызніць’ у лудзіць можна супаставіць з блізкімі ’неразумны, шалёны, дурны, прыдуркаваты’ ў паўд.-прасл. ludъ: серб.-харв. лу̑д, лу̑да̄, славен. lȗd, макед., балг. луд ’тс’ і ’недасведчаны, няспелы, наіўны’, ’свавольны, раптоўны’, а таксама ц.-слав. людыи ’дурны, шалёны’ і укр.-ц.-слав. людъ ’дурны’ (Фасмер, 2, 528; Махэк₂, 341; Скок, 2, 325–326; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 486–487 з л-рай). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 133), ст.-бел. лудити (1595 г.) ’вабіць, клікаць; ашукваць’ — запазычанне са ст.-польск. łudzić.

Лудзіць2 ’выводзіць (птушанят)’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Відавочна, генетычна можа быць звязана з літ. lùgzti ’трэскацца, лопацца’ (з чаргаваннем ‑gz‑/‑ж і пераходам ж > дз — гл. Карскі, 1, 384). Параўн. таксама лузґа́ ’жамерыны’, ’кастрыца ад ільну’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)