Махля́к ’намоклыя дровы’ (воран., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 15), з літ. maklė́kas ’вымаклае палена’. Аб пераходзе к > х гл. Карскі, 1, 373.
Махляпісты (груб.) ’павольны, нерухавы’ (слонім., Сцяшк. Сл.). Да хліпаслі́вы ’слабавольны, бяздзейны’, хлюпава́ты ’няўдалы, слабасільны’ (гл.) з прэфармантам ма‑.
Махля́р, махля́р, мъхля́р ’жулік, круцель, ашуканец’ (ТСБМ, Нас., Бір. Дзярж., Чач., Сцяшк., Сл. ПЗБ; міёр., З нар. сл.; КЭС, лаг.), ст.-бел. махляръ ’тс’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. machlarz ’тс’, якое з с.-н.-ням. mecheler, гал. makelaar, суч. ням. Makler ’маклер’, Mäkler ’пераборлівы, наравісты’ (Булыка, Лекс. запазыч., 126; Кюнэ, 75; Васэрцыер, 145).
Махнаве́шка ’галавешка’ (Жд. 1). У выніку кантамінацыі лексем махнатка і галавешка (гл.).
Махна́тка, махне́тка, махны́тка, махны́ка ’галавешка’ (стаўб., Жыв. сл.; хоцім., Янк. 2; Сцяшк. Сл., Мат. Маг.; Мікуц.; паўд.-усх., КЭС), ’маленькая галавешка’ (Бяльк., Растарг., Мат. Гом.), ’худы, хілы чалавек’ (Юрч., Нас.), махні́ткіня ’вялікая галавешка’ (слаўг., Нар. словатв.), смал. мохны́тка ’галавешка ў печы’, махни́тка ’тс’. Да махна́ты (гл.). Аб суфіксе ‑(ат)ка гл. Сцяцко, Афікс. наз., 149. Матывацыя: абгарэлае палена — галавешка — выглядае махнатым дзякуючы попелу ў выглядзе лісточкаў.
Махна́ты ’аброслы густой поўсцю, валасамі’, ’(тканіна) з густым ворсам’, ’дрэва з густой ігліцай’, ’пышны куст’, ’што-небудзь, пакрытае плесняй’ (Грыг., Яруш.; ТСБМ; Карскі, Труды; іўеў., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Ст.-рус. мохнаты(й) ’тс’. Да мох (гл.).
Махна́шка, махну́ша, махнушка ’галавешка’ (Жд. 1; навагр., карэліц., З нар. сл.), смал. мохнышка. Да махна́ты (гл.). Параўн. аналагічна ўтвораныя рус. арх. мохнушка, мохнуша ’касмыль, пасма, жмут’, ’рукавіца з касматай скуры’, пск. ’кудлаты сабака’.
Махня́нка ’берасцянка, Fringilla coelebs’ (Інстр. II, БелСЭ, 2). Да мох (гл.). Відавочна, утворанае ў выніку кантамінацыі лексем махняны (ці махавы) і берасцянка.
Маховы, мохавы ’зялёны’ (іўеў., Сцяшк. Сл., Інстр. II). Да мох (гл.).
Махол ’бяздумная, ветраная асоба’ (Юрч., Суч. нар. сл.). Відаць, скарочаная форма ад малахол.