Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ра́ца ’пажаданне, віншавальная прамова’ (валож., Жыв. сл.; Стан.). Гл. рацэя.

Раці́вы (рацивый) ’старанны’ (Шымк. Собр.), ’шкодны, заўзяты’ (Ян.), рус. рети́вый ’заўзяты, гарлівы’. Выводзяць са ст.-слав. ретити сѧ ’спаборнічаць’, параўн. укр. рети́тися, стараж.-рус. реть ’старанне, стараннасць, спаборніцтва’, што звязаны чаргаваннем галосных з раць (гл.) (Фасмер, 3, 475). Сюды ж балг. ретя се ’буйстваваць’, ретя ’ўзбуджаць, раздражняць’ (< прасл. *retiti (se), гл. Рачава, Studia Etym. Brun. 2, 165–166).

Ра́цішча ’сетка для лоўлі звяроў і рыбы’ (Гарб.). Няясна; магчыма, звязана з польск. дыял. racica ’сіта для прасейвання пяску’, славац. raca, racka ’сетка (для вышыўкі)’, славен. ráča ’сетка для лоўлі ракаў’, для якіх Фурлан (Бязлай, 3, 142) рэканструюе зыходнае *ratʼa ’сетка’, роднаснае лат. rēte, rētia ’сетка для ловаў’, літ. rė̃tis ’тс’.

Рацу́бал ’халаднік, прыгатаваны з капуснага расолу і цыбулі’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; канец слова набліжаны па форме да цыбуля, гл.

Рацымо́нія ’цырымонія’, сюды ж вытворнае з пашырэннем семантыкі рацымо́ницьца ’прадстаўляць рацыі’, жарт. ’цырымоніцца’ (Нас.). Трансфармацыя цырымонія (гл.) пад уплывам рацыя, рацэя (гл.).

Ра́цыя ’падстава, сэнс, аснова, слушнасць’ (ТСБМ, Нас., ТС), ’прычына, прэтэнзія’ (Нас., Шат.), ра́ца ў выразе без дай рацы ’без прычыны, адвольна’ (Шат.), ст.-бел. рация ’аргумент, довад’ (Ст.-бел. лексікон). Праз польск. racja ’тс’, што з лац. ratiō ’разлічаная пазіцыя; доказ, довад, меркаванне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192).

Раць ’войска, ваенны атрад; бітва, вайна’ (ТСБМ, Сержп. Казкі). Параўн. рус. рать, укр. рать ’бітва, змаганне; войска’, серб.-харв. ра̏т ’вайна’, балг. рат ’вайна; войска’, ст.-слав. рать ’бітва, бой, барацьба, вайна’. Прасл. *ratь выводзіцца з і.-е. *rō‑ti‑s (Глухак, 519), параўн. ст.-інд. ṛtìs ’напад’, авест. ərətiš ’энергія’, грэч. ἔρις ’спрэчка, спаборніцтва’, ст.-в.-ням. ernust, с.-в.-ням. ernest ’барацьба, сур’ёзнасць’, лат. erroties ’злавацца’. Гл. таксама ра́таваць, ратны.

Ра́цэя ’святочная віншавальная прамова, арацыя’ (валож., Жыв. сл.), ра́цыя ’тс’ (Нас.), ра́ца ’пажаданне (у валачобнікаў)’ (Стан.), ст.-бел. орация, орацея ’ўрачыстая прамова’. Параўн. укр. ра́ція ’тс’, рус. дыял. раце́я ’павучальная прамова’. Запазычана праз ст.-польск. oracyja з лац. ōrātio ’прамова, красамоўства, дар слова’ (Булыка, Лекс. запазыч., 162; Фасмер, 3, 450).

Рача́дзь ’рэчышча’ (Стан.), ’старое рэчышча ракі’ (Касп.), річа́дзь ’месца ля вытокаў ракі, якое заліваецца вадой у час паводкі’ (дубр., Нар. словатв.), рус. смал. реча́ть ’рэчышча’. Да рака (гл.), параўн. іншую назву рэ́чанне ’тс’ (навагр., З нар. сл.), імаверна, сцяжэнне рачное месца > рачадзь, параўн. роўнае месца > роўнядзь (гл. роўны), адпаведна мокрадзь і інш. Сцяцко падае як суфіксальнае ўтварэнне непасрэдна ад рака (*rěkedjь), з чаргаваннем к/ч (Сцяцко, Афікс. наз., 130, 179). Параўн. Фасмер, 3, 478, дзе смаленскае слова выводзіцца з *рѣчѧ, Род. скл. *‑ѧте ад рака, па ўзору дзяўчата ад дзеўка, што на фоне прыведзеных фактаў малаверагодна.

Рача́ла ’саха ў студні з жураўлём’ (брэсц., ДАБМ, камент.). Параўн. серб.-харв. ра̏чва ’вілападобная галіна, расоха’, што, паводле Скока (3, 94), звязана з рачок, рак (гл.).